Нарадзіўся ў 1883 г. ў в. Лакцяны Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларуса-католіка Казіміра Семашкевіча. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1907). Пасвячоны ў святары ў гэтым жа годзе. У час вучобы завязаў сяброўства з будучымі віднымі беларускімі святарамі Ф.Грынкевічам, Ф.Рамейкам, У.Талочкам. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя. З 1910 г. - адміністратар у парафіі Дварэц Слонімскага дэканата. У час Першай сусветнай вайны разам са святаром У.Талочкам прадстаўляў беларускае каталіцкае духавенства ў Віленскім камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1917 г. - у парафіі Лаварышкі Ашмянскага павета. Служыў пробашчам у парафіі Піярскія Дукшты Трокскага павета. У 1917-1918 гг. прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні ў Вільні Беларускай канферэнцыі. Шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў паўсядзённай душпастырскай дзейнасці. Актыўна выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы «Мемарыялу» беларускага каталіцкага святарства, прадстаўленага на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў 19.05.1925. У 1933 г. пераведзены на пасаду вікарыя ў парафію Янаў. За ўжыванне беларускай мовы пры катэхізацыі дзяцей праследаваўся польскімі ўладамі. У міжваеннае дваццацігоддзе супрацоўнічаў з заходнебеларускімі перыядычнымі выданнямі («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka» і інш.). Аўтар паэтычных зборнікаў «На прызьбе» (Вільня, 1918) і «На покуці» (Вільня, 1934), шэрагу рэлігійных перакладаў і арыгінальных твораў («Ружанец да Найсвяцейшае Дзевы Марыі», Вільня, 1928; «Песьні жальбы, або Набожныя разважанні аб муках і смерці Збаўцы Езуса Хрыста», Вільня, 1929; «Дарога крыжа», Вільня, 1930). Быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі. На пачатку 1950-х гадоў выконваў душпастырскія абавязкі ў мясцовасці Міхалова-Нязбудная на Беласточчыне. Памёр у 1956 г. (паводле іншых крыніц - у 1955).
Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «С»; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1919. № 7; 1920. № 15; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Божым шляхам (Парыж). 1955. № 70-75; Spis kościołów, 1973; 1979; БП, I.