Нарадзіўся 30.10.1890 у мясцовасці Масеўня (паводле іншых крыніц - у Астрыне) Гарадзенскай губ. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Язэп і Антаніна (з дому Кучынскіх) Урбановічы. Быў ахрышчаны святаром В.Гарасімовічам. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. З 1897 г. жыў у Варшаве, дзе вучыўся ў школе. Прадоўжыў вучобу ў гімназіі. Пасля яе заканчэння вырашыў прысвяціць сваё жыццё святарскай дзейнасці. З восені 1910 г. - клерык Варшаўскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвячоны ў святары 24.01.1915. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя. На пачатку 1920-х гадоў служыў у Віленскай дыяцэзіі. З 1922 г. - у ордэне айцоў марыянаў. Пасля навіцыята прыняў манаства. У 1924 г. выехаў ў ЗША. Працаваў на пасадзе прафесара ў духоўнай семінарыі каля Чыкага, вучыўся ва ўніверсітэце Лаёлы, дзе абараніў магістарскую дысертацыю па тэалогіі. Перад біскупам Юрыем Матулевічам 05.07.1926 у Чыкага даў апошнюю прысягу ордэну марыянаў. У 2-й палове 1920-х гадоў пазнаёміўся з беларускім святаром Янкам Тарасевічам. Служыў вікарыем у касцёле Маці Божай Вострабрамскай у Чыкага. У 1935-1940 гг. працаваў таксама на пасадзе пробашча. Ведаючы летувіскую мову, выконваў святарскія абавязкі ў каталіцкіх парафіях і асяродках летувіскіх эмігрантаў у ЗША. У 1944-1950 гг. зноў вучыўся ва ўніверсітэце Лаёлы, дзе атрымаў ступень магістра псіхалогіі. Супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійнымі выданнямі («Божым шляхам», Лондан; «Źnič», Рым і інш.). Апошнія гады жыцця правёў у доме-прытулку ў Чыкага. Памёр 04.08.1973. Пахаваны на могілках св. Казіміра ў Чыкага.
Літ.: Божым шляхам (Лондан). 1973. № 3; Źnič (Рым). 1973. № 117.