Біяіндыкатары, жывыя арганізмы і біяцэнозы, прысутнасць, колькасць або асаблівасці развіцця якіх служаць паказчыкамі натуральных працэсаў, умоў або антрапагенных змяненняў навакольнага асяроддзя. Амфібіі і рэптыліі як неад'емная частка натуральных і антрапагенных біяцэнозаў разам з іншымі групамі жывёл з'яўляюцца добрымі індыкатарамі стану навакольнага асяроддзя: чым багацейшыя фауністычныя комплексы якога-небудзь рэгіёна (ландшафту, біягеацэнозу), тым вышэйшая іх экалагічная стабільнасць, ёмістасць і ўстойлівасць да знешніх уздзеянняў. Па разнастайнасці і вялікай колькасці амфібій і рэптылій можна меркаваць пра багацце фауністычных комплексаў у цэлым, што дае падставу для выдзялення прыродаахоўных тэрыторый (запаведнікаў, заказнікаў). Пры гэтым земнаводныя і паўзуны з'яўляюцца зручнымі аб'ектамі экалагічнага маніторынгу - кантролю якасці і змяненняў стану навакольнага асяроддзя. Існуюць спецыяльная сістэма крытэрыяў і схема вядзення экалагічнага маніторынгу з выкарыстаннем беларускай герпетафауны, распрацаваныя ў Інстытуце заалогіі АН Беларусі. Амфібіі і рэптыліі здольны акумуліраваць розныя рэчывы антрапагеннага паходжання, што дае магчымасць выкарыстоўваць іх для індыкацыі ступені забруджанасці навакольнага асяроддзя. У апошнія гады яны разам з прадстаўнікамі іншых груп жывёл служаць аб'ектамі кантролю радыеактыўнага забруджвання пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, трансфармацыі радыенуклідаў у харчовых ланцугах біяцэнозаў. Асаблівае значэнне для біяіндыкацыі забруджвання навакольнага асяроддзя маюць бясхвостыя амфібіі і іх лічынкі, якія з'яўляюцца высокаадчувальнымі біялагічнымі рэагентамі. Па смяротнасці, хуткасці росту і развіцця апалонікаў, асаблівасцях прапорцый памераў іх цела і хваста можна меркаваць аб ступені забруджвання вадаёмаў. Забруджванне выклікае з'яўленне розных анамалій у будове апалонікаў і маладых жабянят (адсутнасць вачэй, скрыўленне пазваночніка, з'яўленне полідактыліі - лішніх пальцаў і інш.). Улічваючы масавасць і даступнасць бясхвостых амфібій як аб'ектаў даследаванняў, іх прыстасаванасць да пражывання ў вельмі забруджаных месцах, праяўленне полімарфізму па знешніх прыкметах гэтыя асобіны ў перспектыве могуць знайсці шырокае прымяненне для маніторынгу генетычных вынікаў забруджванняў наземнага або воднага асяроддзя. Напрыклад, генетыкамі Беларусі, якія вядуць назіранні над бурымі жабамі, ужо сёння ўстаноўлена значнае павелічэнне частаты храмасомных аберацый у індустрыяльных цэнтрах, а таксама ў зоне аварыі на Чарнобыльскай АЭС у параўнанні з адносна чыстымі рэгіёнамі. Вельмі рэагуе на пэўныя ўмовы асяроддзя ікра бурых жаб: пры павышэнні кіслотнасці вады (рН ≤ 4) ікрынкі становяцца мутна-белымі і гінуць.

Паведаміць пра недакладнасьць