Індывідуальны ўчастак, частка прасторавага асяроддзя, якая выкарыстоўваецца асобінай у актыўны перыяд сезоннага жыццёвага цыкла. Нярэдка ў пэўныя перыяды жыцця жывёла выкарыстоўвае толькі некаторую частку прасторы, таму адрозніваюць дзённы індывідуальны ўчастак, месячны і сезонны. Індывідуальны ўчастак забяспечвае патрэбы асобіны ў корме, укрыццях, шлюбных кантактах. Для амфібій і рэптылій, якія пражываюць ва ўмераных шыротах, паняцце індывідуальнага ўчастка і тэрыторыі рэальнае толькі вясенне-летняга сезону, калі яны даволі кансерватыўныя ў адносінах да змен месцаў пражывання. Памеры індывідуальнага ўчастка невялікія - ад 25 да 1000 м2, іншы раз да 5000 м2, прычым яго тэрыторыя выкарыстоўваецца нераўнамерна. У месцах размяшчэння сховішчаў, здабычы корму, а таксама сонечных месцах асобіна праводзіць большую частку часу, а астатнія месцы наведвае толькі зрэдку. Часта жывёлы мяняюць свае індывідуальныя ўчасткі, пераходзячы на новыя месцы, якія імі яшчэ не выкарыстоўваліся. У земнаводных дакладнага размежавання індывідуальных участкаў звычайна не бывае, яны, як правіла, перакрываюцца. Гэта абумоўлена адносным мноствам і раўнамерным размяшчэннем дробных беспазваночных - іх асноўнага корму. Вялікія колькасці амфібій на пэўнай тэрыторыі характэрны ў перыяд размнажэння, а таксама пры сумесным выкарыстанні сховішчаў пэўнымі відамі. Напрыклад, рапухі і часночніцы нярэдка чакаюць, пакуль сыдзе спёка ў калектыўных сховішчах, прыціснуўшыся адна да адной, што зніжае страту вільгаці. Больш рухомыя паўзуны, якія лепш арыентуюцца ў прасторы ў параўнанні з земнаводнымі, маюць больш вялікія індывідуальныя ўчасткі. У большасці відаў рэптылій яны перакрываюцца і строга не ахоўваюцца. Яшчаркі могуць меціць тэрыторыю, пераважна ў шлюбны перыяд, сакрэтам пахучых залоз, папярэджваючы ўварванне на яе чужых асобін. У іх найбольш часта назіраюцца сутычкі і бойкі самцоў. Свае індывідуальныя ўчасткі яшчаркі і змеі выбіраюць каля сховішчаў (норы, кучы ламачча, купіны, камяні і інш.) і больш як на 5-10 м не адыходзяць ад іх.

Паведаміць пра недакладнасьць