Узрост і памеры амфібій і рэптылій. Вар'іруюць у шырокіх межах і спецыфічныя як для кожнага класа, так і для віду. Амфібіі і рэптыліі растуць на працягу ўсяго жыцця, чым старэйшая жывёліна, тым яна, як правіла, большая. Інтэнсіўны рост назіраецца ў першыя гады жыцця, потым рост рэзка замаруджваецца. Працягласць жыцця ў прыродзе ўвогуле невялікая і складае каля 5-7 гадоў. У літаратуры апісаны выпадкі жыцця ў няволі травяной жабы да 18, трытона да 28, шэрай рапухі да 36 гадоў. Рэптыліі ў няволі жывуць даўжэй. Так, анаконда, кобра, звычайны вуж і многія іншыя змеі дажываюць у заапарках да 25-30, а сеткаваты пітон нават да 70 гадоў. Некаторыя яшчаркі жывуць у няволі да 10, а вераценніца да 33 гадоў. Сярод рэптылій ёсць і сусветныя рэкардсмены па даўгалецці. Гіганцкія сухапутныя чарапахі жывуць да 200, грэчаскія чарапахі - да 115, балотныя чарапахі - да 70 (іншы раз больш), кракадзілы - 50-85 гадоў. Пераважная большасць амфібій - гэта невялікія жывёлы. Але сярод іх ёсць і сапраўдныя гіганты: гіганцкая саламандра, якая трапляецца ў рэках Кітая і Японіі, дасягае ў даўжыню 1,5 м. Сярод рапух самая буйная - рапуха-ага, жыхар Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі (даўжыня 25 см, шырыня 12 см, маса да 1 кг). Самая вялікая ў свеце жаба галіяф (даўжыня 32 см) жыве ў Афрыцы, яе сваячка афрыканская жаба бык дасягае ў даўжыню 20 см і важыць 600 г. Самая вялікая амфібія ў Беларусі - азёрная жаба, яе даўжыня да 17 см. Памеры рэптылій вар'іруюць у вялікіх межах. Сярод змей ёсць і такія гіганты, як амерыканская анаконда (11,43 м), удавы дасягаюць у даўжыню да 10 м. Самая вялікая ў свеце ядавітая змяя - каралеўская кобра (5,58 м), якая трапляецца ў джунглях трапічнай Азіі. Кобра і гюрза сустракаюцца на поўдні ў Сярэдняй Азіі, маюць даўжыню каля 1,5 м. Самымі вялікімі змеямі на тэрыторыі Палеарктыкі з'яўляюцца неядавітыя, але вельмі агрэсіўныя велікавокі (3,5 м) і жаўтабрухі (да 2,5 м) полазы, якія да таго ж вельмі балюча кусаюцца. Самая маленькая ў свеце змейка Каламары з вострава Калімантан, яе даўжыня ўсяго 10 см. Яшчаркі, як правіла, не маюць такіх унушальных памераў, як змеі. Самая маленькая сярод іх - карлікавы мадагаскарскі хамелеон, самая вялікая - варан з вострава Камадо (даўжыня 3,5 м, вага 165 кг). Гіганцкія галапагоскія чарапахі з шырынёй панцыра 1,5 м і вагой 250 кг і скурыстыя з 2-метровым панцырам і масой каля 600 кг - самыя вялікія прадстаўнікі атрада чарапах. Усе кракадзілы - даволі вялікія жывёлы. Самы дробны з іх даўжынёй 1,5 м жыве ў Гватэмале і Гандурасе, а самы вялікі - нільскі, трапляецца ў Афрыцы, яго даўжыня 10 м. Амфібіі і рэптыліі, што насяляюць тэрыторыю Беларусі, вызначаюцца больш сціплымі памерамі цела, працягласць жыцця таксама меншая. Існуе некалькі метадаў вызначэння ўзросту амфібій і рэптылій. Самы дакладны - метад індывідуальнага мечання жывёл (напрыклад, пры дапамозе абразання пальцаў або прымацавання метак з указаннем даты). З пачатку 1970-х гадоў выкарыстоўваюць метады шкілетахраналогіі - вызначэнне ўзросту па зрэзе касцей. Вядома, што ў амфібій і рэптылій перыядычнасць росту касцявой тканкі звязана з сезоннай актыўнасцю. Слаістасць касцявой тканкі з'яўляецца фіксуючай прыкметай перыядычнасці росту асобіны, выкліканай ваганнямі тэмператур зімой і ўлетку, чаргаваннем сухіх і вільготных сезонаў і інш. Па зрэзах касцей звычайна вызначаецца ўзрост асобных экзэмпляраў амфібій, якім больш як 3 гады. Жывёл да трохгадовага ўзросту адрозніваюць па ступені развіцця ўнутраных палавых органаў. Акрамя таго, існуюць метады вызначэння ўзросту шляхам пабудовы крывых па даўжыні цела, па вазе хрусталіка вока і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць