Базіліка (лац. basilica ад грэч. basilike - царскі дом), выцягнуты прамавугольны ў плане будынак, які складаецца з трох ці пяці падоўжных частак (нефаў), аддзеленых адзін ад аднаго каланадай ці аркадай; сярэдні (галоўны) неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, a верхнія часткі яго сцен выступаюць над дахамі сярэдніх. Перад уваходам у Б. размяшчаўся нартэкс. Першапачаткова ў Візантыі Б. - палац архонта базілеўса - вышэйшай духоўнай асобы горада, затым - грамадскі будынак. У наступным Б. сталі выкарыстоўвацца хрысціянамі для сходаў, іх планіроўка набыла форму лацінскага крыжа, дзякуючы перасячэнню падоўжных нефаў папярэчным (трансептам).