Касцюм (франц. costume), штучныя покрывы чалавечага цела; уключае таксама абутак, пальчаткі, галаўныя ўборы. К. адлюстроўвае геаграфічнае і кліматычнае асяроддзе пражывання чалавека, яго грамадскае і сямейнае становішча, характар працы і быту, этнічныя і агульнанацыянальныя асаблівасці. К. выказвае эстэтычныя ідэалы грамадства, нясе адбітак пануючага ў пэўны перыяд стылю, выконвае камунікацыйную функцыю. Від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мастацкага канструявання; частка матэрыяльнай культуры (гл. таксама Народныя строі).