Карпюк Аляксей (14.04.1920, в. Страшава Беластоцкага ваяводзтва - 14.07.1992, Горадня), беларускі літаратар, лідар вольнадумнай інтэлігенцыі ў Горадні ў 1960-1980; падтрымліваў кантакты зь пісьменьнікамі-дысыдэнтамі ў СССР.

Паходзіць зь сялянскай сям'і, бацька быў сябрам КПЗБ. У 1934 скончыў семігодку і ў 1938-1939 навучаўся ў польскай гімназіі ў Вільні, а пасьля яе закрыцьця з 1939 па 1941 - у Наваградзкай пэдвучэльні (разам з У.Калесьнікам). Пасьля пачатку нямецка-савецкай вайны браў удзел у партызанскім руху. У сьнежні 1942 трапіў у нямецкі палон у канцлягер Штутгаф, што яшчэ ня раз балюча адаб'ецца на ягонай біяграфіі. З канцлягера К. здолеў зьбегчы ў 1943, зноў пайшоў у партызаны, зарганізаваў зь мясцовае моладзі партызанскі адтрад імя Кастуся Каліноўскага ды стаў ягоным камандзірам. У жніўні 1944 забраны ў Чырвоную Армію. Быў двойчы паранены, стаў інвалідам II групы.

Адразу па сканчэньні вайны паступае ў Гарадзенскі пэдінстытут (аддзяленьне ангельскай мовы), які заканчвае ў 1949. У 1947 уступіў у КПСС. Працаваў загадчыкам раённага аддзелу адукацыі ў м. Сапоцкіна (1949-1951), з-за канфлікту з кіраўніцтвам пераведзены на пасаду дырэктара Біскупскай семігадовай школы Ваўкавыскага р-ну (1951-1953). У далейшыя гады працаваў у тым ліку журналістам («Гродненская правда», «ЛіМ»). У 1977-1981 - дырэктар Беларускага музэю гісторыі рэлігіі (у той час - Рэспубліканскі музэй атэізму і гісторыі рэлігіі), адзін з самых нацыянальных па духу музэяў Беларусі ў савецкія часы.

Літаратар К. вядомы як аўтар твораў пра жыцьцё Заходняй Беларусі ў першай палове XX ст. - тэме, якая дазваляла ва ўмовах савецкай цэнзуры раскрываць некаторыя старонкі нацыянальнай гісторыі (аповесьць «Данута», раман-быль «Вершалінскі рай» ды інш.).

Вакол К. у Горадні ў 1960-1970-х узьнік своеасаблівы клюб вольнадумнай інтэлігенцыі. У розныя часы з гэтым асяродкам кантактавалі Васіль Быкаў, Данута Бічэль-Загнетава, Вольга Іпатава, Браніслаў Ржэўскі... Сам К. пашыраў забароненую ў БССР літаратуру, ліставаўся з А.Салжаніцыным, які перадаў яму для магчымай публікацыі сваю п'есу «Свеча на ветру» ды апавяданьні «Правая кисть» і «Как жаль!» [1]; кантактаваў зь сям'ёй Геніюшаў... Тэлефонныя размовы К. пачалі праслухоўваць, у ягонай кватэры рабіліся тайныя ператрусы. Аднойчы нехта папярэдзіў пра мяркуемы ператрус - тады К. зьнішчыў лісты А.Салжаніцына, самвыдат (напрыклад, раман Гінзбурга «Крутой маршрут» і г.д.). Паводле ўспамінаў жонкі К., «нелегальную прадукцыю» «ўначы склалі і ўтапілі... Але нешта і захавалася» [1].

20.06.1969 старшыня КГБ СССР Ю.Андропаў накіраваў у ЦК КПСС сакрэтны ліст, дзе гаварылася: «Комитет государственной безопасности Белоруссии располагает данными о политически нездоровых настроениях белорусских писателей - члена КПСС Карпюка и Быкова... Карпюк нелегально распространяет среди своих знакомых различные пасквили в виде книги Гинзбурга-Аксёнова «Крутой маршрут» и другие. Отрицательно воздействует на молодёжь... Комитетом госбезопасности Белоруссии с санкции ЦК компартии республики готовятся мероприятия, направленные на предотвращение возможных враждебных акций названных лиц» [2; 9;].

21.04.1972 К. быў выключаны з КПСС па абвінавачваньні ў нацыяналізме, кулацкім паходжаньні, хлусьні пра сваё мінулае - лягерныя дакумэнты (цяпер на месцы гэтага лягера, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, створаны музэй) былі сфальшававаныя афіцэрамі КГБ Фаміным і Клімовічам [10; 12]. У 1970-1972 ня мог нідзе ўладкавацца на працу. К. прабіваўся да П.Машэрава, і той дапамог яму - у красавіку 1973 К. далі вымову (за выступы супраць афіцыйнай палітыкі партыі) і аднавілі ў партыі. Але назіраньні за К. працягваліся. Але, як сьведчаць сучасьнікі, «не было ніводнага якога-небудзь прадстаўнічага пісьменьніцкага форуму ў Беларусі, дзе б не выступаў Карпюк... ён не саромеўся казаць праўду» [7], «не было ни одного собрания в Союзе писателей, на котором не выступил бы Карпюк и не «врезал» бы по первое число какому-нибудь освиневшему главначпупсу - партийному или литературному» [11:99]. Сын К. Іван напісаў у траўні 1976 ліст, адрасаваны Андропаву, дзе гаварылася, што яму, выдатніку МІФІ, не даюць уладкавацца на працу, бо на ім нейкае таўро.

У 1978-1982 К. - сакратар Гарадзенскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў у другой палове 1980-х актыўна ўдзельнічае ў дэмакратычным жыцьці Горадні: адзін з актывістаў БНФ, адзін з заснавальнікаў «Бацькаўшчыны», меў цесныя кантакты з клюбам «Паходня»... У 1989 К., актыўна праяўляе сябе як публіцыст - ён публікуе шэраг артыкулаў са сваёй трактоўкай, далёкай ад афіцыёзнай ацэнкі, падзеяў 1939 [3; 4; 5]. Бюро Гарадзенскага абкаму КПБ прымае спэцыяльную пастанову пра гэтыя артыкулы, дзе сьцьвярджаецца, што «Карпюком субъективно, односторонне показана освободительная миссия Красной Армии в сентябре 1939 года, по-своему трактуется отношение жителей к воинам и ход коллективизации в 40-50-е годы» [6]. Менавіта гэтая пастанова стала падставаю для напісаньня Васілём Быкавым артыкула ў абарону К. [7].

К. стаў аб'ектам нападак у ідэалягічным рупары КПБ часопісе «Политический собеседник» [8], дзе пра К. былі пададзеныя фальшывыя зьвесткі. К. падаў у суд на аўтара артыкула і 02.04.1991 выйграў працэс. Вярхоўны суд БССР 12.07.1991 пацьвердзіў асноўныя пункты судовага выраку.

05.04.1991 К. выйшаў з КПСС, матывуючы гэта тым, што «разуверыўся ў прынцыпах марксізму-ленінізму ды прыйшоў да высновы, што ідэі яго ўтапічныя, ...прыдуманыя бюракратамі ў кабінэтах», але партыйны білет пакінуў сабе «на памяць аб летуценьнях сваёй маладосьці» [1].

Кр.: 1. ANH. F-3 (Аляксей Карпюк); 2. Центр Хранения Современной Документации. Фонд 5, опись 61, ед. хранения 8182 (ролик № 009867).

Тв.: 3. Печальные были // Гродненская правда 20-21.07.1989; 4. Чтобы больше было правды // Гродненская правда 05.10.1989; 5. Варашылаўскія стралкі // ЛіМ. 20.10.1989.

Бібл.: 6. Постановление Бюро Гродненского обкома КПБ «Об обращении и письмах ветеранов войны и труда в обком КПБ на публикации А.Н.Карпюка в газете «Гродненская гравда» // Гродненская правда 23.12.1989; 7. В.Быков. В железной раковине // Литературная газета. № 14, 04.06.1990; 8. Я.Леденеев. Истина дороже всего // Политический собеседник. 1990, № 10; 9. Д.Бабич. Он был в России больше, чем поэт... 14 малоизвестных фактов из жизни Ю.В.Андропова // Комсомольская правда. 16.10.1992; 10. Д.Бабич. Как «жучки» точили книги Быкова // Комсомольская правда. 16.02.1993; 11. Валентин Тарас. На острове воспоминаний // Нёман. 1998, № 5; 12. Камэнтар-інтэрвію з Карпюком да артыкула ў «Гродненской правде» за 23 сьнежня 1989 году // Рэанімова. 1990, № 1 (7).

Галіна Кацуба, Алег Дзярновіч

Паведаміць пра недакладнасьць