Амарнскае мастацтва, унікальны феномен у развіцці старажытнаэгіпецкай культуры. Узнікла ў перыяд існавання Новага Царства, калі фараон Аменхатэп IV, ці Эхнатон (14 ст. да н.э.). правёў т.зв. «рэлігійную рэвалюцыю». У яе выніку замест былога політэізму (шматбожжа) афіцыйна ўводзіўся культ адзінага божаства ўсяго Эгіпта - бога сонечнага дыска Атона. Назва «А.м.» паходзіць ад новай сталіцы эгіпецкай дзяржавы - горада Ахетатон (літар. «Гарызонт Атона») каля сучаснай вёскі Эль-Амарны. У час праўлення Эхнатона былі ўнесены істотныя змены ў выяўленчае мастацтва, якое раней заўсёды вызначалася надзвычайным традыцыяналізмам, устойлівасцю, кананічнасцю. У гэты т.зв. «Амарнскі перыяд» (яго працягласць - каля 25 гадоў) адбыўся сапраўдны росквіт эгіпецкага мастацтва. Для А.м. ўласцівы такія рысы, як адыход ад традыцыйных норм і большая свабода ў выяўленні вобразаў фараона і яго сям'і (больш натуралістычныя позы, больш рэалістычныя фігуры і твары, нефармальная абстаноўка), пэўная інтымнасць, лірычнасць, псіхалагічная заглыбленасць вобразаў. Сапраўднымі шэдэўрамі А.м. з'яўляюцца знакамітыя партрэты-бюсты жонкі Эхнатона - царыцы Неферціці. А.м. прыўнесла ў эгіпецкую мастацкую культуру пейзаж, які апяваў прыгажосць мясцовай прыроды. Пасля смерці Эхнатона росквіт А.м. быў спынены, паколькі адбылося вяртанне да ранейшых традыцый і ўшанавання старажытных багоў.

Паведаміць пра недакладнасьць