Політэізм (ад грэч. poly - многа + theos - бог), шматбожжа, вера ў некалькіх або многіх багоў. Узнік у перыяд разлажэння першабытнай абшчыны на аснове адухаўлення і персаніфікацыі стыхійных сіл і розных з'яў прыроды (гл. Анімізм, Татэмізм, Фетышызм). Характэрны для многіх старажытных і асобных сучасных рэлігій (напр., сінтаізму). Політэістычнымі былі рэлігіі старажытных эгіпцян, грэкаў, рымлян і інш., а таксама некаторых народаў Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі, Акіяніі. У сувязі з усталяваннем і пашырэннем монатэістычных рэлігій (будызм, хрысціянства, іслам і інш.) колькасць прыхільнікаў політэістычных вераванняў значна скарацілася. У дахрысціянскі перыяд на беларускіх землях у пантэоне язычніцкіх багоў найбольш шанаваліся Пярун, Вялес, Сварог, Дажбог, Ярыла і інш. Распаўсюджанне хрысціянства прывяло да паступовага выцясненя і знікнення былых політэістычных вераваняў, уяўленняў мясцовых жыхароў.

Паведаміць пра недакладнасьць