Афрыканская культура, сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, створаных рознымі афрыканскімі народамі. У розныя гістарычныя эпохі народы афрыканскіх дзяржаў (імперый, каралеўстваў) стваралі самабытныя культурныя творы, шмат у чым непадобныя на культурныя здабыткі заходняй і ўсходняй цывілізацый. Для А.к. заўсёды былі ўласцівы даволі высокая ўстойлівасць, стабільнасць, кансерватыўнасць культурных традыцый, а таксама адносна нізкія, невысокія тэмпы культурнага развіцця. У стварэнні разнастайных культурных каштоўнасцей надзвычай важную ролю адыгрывалі не столькі рацыянальныя, колькі эмацыянальна-інтуітыўныя ўяўленні, погляды і схільнасці. Таму афрыканцы (у адрозненне ад больш рацыянальных эўрапейцаў) не змаглі дасягнуць прыкметных поспехаў у навуцы, філасофіі, стварыць арыгінальныя тэорыі, зрабіць вялікія адкрыцці. У афрыканскіх культурах звычайна вельмі значную ролю адыгрывалі рэлігійныя погляды, што праяўлялася ў пашыранасці політэізму (шматбожжа), абагаўленні розных прыродных з'яў і стыхій, трываласці культу продкаў. Адметнай рысай культурнага развіцця афрыканскіх народаў было тое, што практычна ўсе яны не стварылі сваёй уласнай пісьменнасці і распрацаванай сістэмы лічэння. Аднак гэтыя непісьменныя (ці, дакладней, беспісьменыя) народы з'яўляліся стваральнікамі такіх культурных каштоўнасцей (напр., скульптурных, архітэктурных твораў), некаторыя з якіх па свайму мастацкаму ўзроўню і майстэрству выканання не саступалі найлепшым узорам мастацтва цывілізаваных краін свету. Значную ролю ў духоўна-культурным жыцці афрыканцаў ва ўсе часы займалі рытуальныя танцы і песні, дзякуючы чаму многія мясцовыя жыхары маюць прыроджаныя музычныя здольнасці (аб чым сведчыць вялікая колькасць знакамітых музыкантаў, спевакоў з афрыканскімі каранямі). Традыцыйная афрыканская музыка стала адным з вытокаў узнікненя джазу, моцна паўплывала на такія музычныя стылі, як соўл, рэп і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць