Бенядыкт Рут (1887-1948), амерыканскі культурантраполаг; прадстаўнік этнапсіхалагічнага кірунку ў амерыканскай антрапалогіі. Вучылася ў каледжы, потым у Калумбійскім універсітэце пад кіраўніцтвам Ф.Боаса. У 1923 г. абараніла доктарскую дысертацыю па тэме «Уяўленні амерыканскіх індзейцаў аб духах-абярэгах». З 1923 да канца жыцця выкладала ў Калумбійскім універсітэце. У 1947 абрана старшынёй Амерыканскай антрапалагічнай асацыяцыі. Б. кіравала палявымі школамі (сярод індзейскіх плямёнаў), удзельнічала ў некалькіх этнаграфічных экспэдыцыях па Паўднёваму Захаду Амерыкі. Рэдагавала «Часопіс амерыканскага фальклора» і «Працы Калумбійскага ўніверсітэта па антрапалогіі». Стварыла канцэпцыі аб канфігурацыях і патэрнах культуры, якія характарызавалі яе цэласнасць зыходзячы з стэрэатыпу ці ўзору культурна-дэтэрмінаваных паводзінаў. У сваіх даследаваннях звычайна імкнулася да параўнальнага вывучэння культур розных народаў свету, праводзіла параўнальны аналіз фальклору і рэлігіі амерыканскіх індзейцаў, адстойвала неабходнасць вывучэння кожнай культурнай з'явы ў кантэксце менавіта гэтай культуры. Найбольш вядомая яе праца «Патэрны культуры» (1934) прысвечана праблеме суадносін чалавечай асобы і форм культуры. Яна была перакладзена на многія мовы і ўнесла рашаючы ўклад у працэс інтэграцыі навуковых дысцыплін, якія займаюцца вывучэннем культуры і асобы. Прымяняла антрапалагічныя метады і гіпотэзы да аналізу сучасных культур Японіі, Германіі, Румыніі і Сіама. У гады другой сусветнай вайны на аснове распрацаванай ёю тэхнікі «дыстанцыйнага вывучэння культуры» займалася даследаваннем японскай нацыянальнай псіхалогіі. Вынікам гэтай працы стала кніга «Хрызантэма і меч» (1946), якая прызнана класічнай работай у галіне культурнай антрапалогіі. Рыхтавала спецыялістаў у галіне даследавання сучасных культур і міжнародных адносін. Сярод іншых прац - «Міфалогія кочыці» (1931), «Міфалогія зуні» (1935), «Раса: навука і палітыка» (1940) і інш.