Дамінга Пласіда (н. 1941), гішпанскі спявак (драматычны тэнар). Вучыўся ў Нацыянальнай кансерваторыі музыкі (Мексіка). Яго дэбют у оперы адбыўся ў 1960 у мексіканскім горадзе Мантэрэі (партыя Альфрэда ў оперы Дж.Вердзі «Травіята»). У першай палове 1960-х г. спяваў у Ізраільскай нацыянальнай оперы. У 1968 дэбютаваў у «Метраполітэн-опера» (Нью-Ёрк). За сваю музычную кар'еру Дамінга выканаў больш сотні вядучых оперных партый - ад Моцарта і Вердзі да Берліёза і Пучыні. Здымаўся ў фільмах-операх. Выступае і як оперны дырыжор. Атрымаў міжнародную вядомасць у лірычных і драматычных партыях у італьянскіх операх. Выканаў шэраг галоўных роляў у нямецкіх операх Рыхарда Вагнера. Лічыцца непераўзыдзеным Атэлам сучаснасці. У 1990-я г. адбылося некалькі папулярных сумесных (з Л.Павароці і Х.Карэрасам) выступленняў Д. пад назвай «Тры тэнары». У 2002 атрымаў высокі тытул Брытанскай імперыі - ганаровае рыцарства (пасвечаны ў рыцары). Выкананне Д. вызначаецца вышэйшым сінтэзам акцёрскага і вакальнага майстэрства, натуральнай, спантаннай эмацыянальнасцю.

Паведаміць пра недакладнасьць