Павароці Лучана (н. 1935), італьянскі спявак (лірычны тэнар). Выдатны майстар бельканта. Дэбютаваў у 1961 у партыі Рудольфа ў оперы Дж.Пучыні «Багема» ў Муніцыпальным тэатры г. Рэджа-Эмілія. У 1968 дэбютаваў у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Ёрку. Валодае чыстым, гнуткім, роўным, эмацыйна-выразным голасам. Праславіўся ў італьянскіх операх (асабліва ў партыях Рудольфа з «Багемы», Герцага Мантуанскага з «Рыгалета», Марыё з «Тоскі», Манрыко з «Трубадура» і інш. У 1980-1990-я г. набыў надзвычайную міжнародную вядомасць і папулярнасць не толькі дзякуючы свайму высокаму майстэрству, але таксама і шырокаму распаўсюджанню кампакт-дыскаў, відэакасет, тэлезапісаў, удзелу ў праекце «Тры тэнары» (з П.Дамінга і Х.Карэрасам). Выпусціў некалькі аўтабіяграфічных кніг, напр., «Павароці: Мая гісторыя» (1981) і «Павароці: Мой свет» (1995). З'яўляўся ініцыятарам супольных канцэртаў «Павароці і сябры» (у іх прымалі ўдзел М.Керы, Дзукеро, С.Дзіён, Э.Рамазоці, А.Бачэлі і інш.). Адзін з найбольш папулярных оперных спевакоў канца 20 ст.

Паведаміць пра недакладнасьць