Дэвіянтныя паводзіны (ад лацінскага deviatio - адхіленне), паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных нормаў. Асноўныя віды Д.п. - злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Дэвіянтныя дзеянні і ўчынкі нярэдка прыводзяць чалавека да сацыяльнай ізаляцыі, лячэння ці пакарання. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, асаблівасцямі характару, эмацыянальна-валявой дзейнасці, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці і інш. фактарамі. Д.п. нярэдка пачынаюць праяўляцца ўжо ў дзяцей і падлеткаў, што можа быць вытлумачана адноснай слабасцю іх інтэлекта, незавершанасцю працэсу сацыялізацыі асобы, адмоўным уплывам сям'і, бліжэйшага асяроддзя, залежнасцю ад каштоўнасных арыентацый групы.