Інтэлект (ад лац. intellectus - пазнанне, розум), агульная здольнасць мыслення, рацыянальнага ўспрымання; сукупнасць усіх пазнавальных здольнасцей індывіда (памяці, пачуццяў, адчуванняў, уяўленняў і інш.). Тэрмін «І.» з'яўляецца перакладам старагрэчаскага слова «нус», што азначае «розум». У эпоху антычнасціАрыстоцель і Платон лічылі «нус» вышэйшай разумнай часткай чалавечай душы. У Сярэднявеччы адны філосафы лічылі, што воля падпарадкоўваецца І. (Фама Аквінскі), а другія сцвярджалі абсалютна адваротнае (У.Акам, Дунс Скот). Прадстаўнікі нямецкай класічнай філасофіі тлумачылі І. як магчымасць розуму да ўтварэння абстрактных паняццяў (І.Кант), або як разумовую здольнасць да абстрактна-аналітычнага расчлянення (Г.Гегель). З канца 19 - пачатку 20 ст. у эксперыментальнай псіхалогіі пачалі атрымоўваць распаўсюджанне разнастайныя колькасныя, статыстычныя метады вымярэння і ацэнкі І. (найперш спецыяльныя тэсты). Пры вывучэнні структуры І. рознымі аўтарамі выдзяляецца ад 1-2 да 120 яго састаўных частак, элементаў. Большасць даследчыкаў лічыць, што існуе агульны І. як універсальная псіхічная здольнасць чалавека. Індывідуальны ўзровень развіцця І. абумоўлены ўплывам як біялагічна-генетычных, так і сацыяльных (асаблівасці сацыялізацыі чалавека, сямейнага выхавання, сацыяльных кантактаў і інш.) фактараў. У сучасны перыяд для абазначэння тэхнічных сістэм, здольных да адаптыўных паводзін і рашэння разнастайных задач, выкарыстоўваецца паняцце «штучны І.».