Елізар'еў Валянцін (н. 1947), беларускі балетмайстар, пастаноўшчык. Народны артыст БССР (1979) і СССР (1985). Скончыў Ленінградскую акадэмічную харэаграфічную навучальню імя А.Ваганавай (1967), Ленінградскую дзяржаўную кансерваторыю імя М.Рымскага-Корсакава (1973). З 1992 г. мастацкі кіраўнік-дырэктар Акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь. Прафесар Беларускай Акадэміі музыкі (1985). Сябра Савета Эўропы па культуры (1990). З'яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996) за пастаноўку балета А.Мдывані «Страсці» («Рагнеда»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурса балетмайстраў і артыстаў балета (1970), 7-га Міжнароднага конкурса артыстаў балета (1993). Удастоены вышэйшай узнагароды Міжнароднай асацыяцыі танца ў Парыжы (пад эгідай ЮНЕСКА) «Бенуа дэ ла данс» (1996). Называўся Чалавекам года ў вобласці музычнага мастацтва з уручэннем прыза «Залатая Неферціці» (1996). У пастаноўках Е. выйшлі балеты «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (2-я рэд. 1978), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на музыку К.Орфа (1983), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф'ева (1988) і інш., у якіх на высокім мастацкім узроўні ўвасабляліся грамадска значныя, філасофскія праблемы, інтэнсіўна абнаўляліся сродкі выразнасці, фармаваліся новыя прынцыпы харэаграфічнай паэтыкі і эстэтыкі. Асноўныя канфлікты ў яго пастаноўках вырашаюцца сродкамі вобразнага, паліфанічна складанага танца, а значная драматургічная нагрузка ўскладаецца на дуэтныя сцэны, якія адрозніваюцца вынаходлівасцю рухаў, паэтычнай абагульненасцю. Працуе ў галіне малых харэаграфічных форм (канцэртныя нумары, аднаактовыя балеты). Творчая дзейнасць Е. паспрыяла шырокаму міжнароднаму прызнанню беларускага балета, які з поспехам гастраляваў амаль у 30 краінах свету.

Паведаміць пра недакладнасьць