Ефрасіння Полацкая (свецкае імя Прадслава; 1102-1167), беларуская асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку. Першая жанчына на Русі, кананізаваная праваслаўнай царквой (1547). Дачка князя Георгія Ўсяславіча, унучка полацкага князя Ўсяслава Брачыславіча (Чарадзея). Пра дзейнасць Е.П. апавядаецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» (12-13 ст.). Арыгінальнасць гэтага твора заключаецца ў сцвярджэнні неабходнасці ведаў, любові да кнігі, у ідэі духоўнага ўдасканалення, праслаўленні падзвіжніцтва, самаадданым служэнні вышэйшым маральным ідэалам. Перапісвала царкоўныя кнігі, або, як сказана ў «Жыціі...», пачала «кнігі пісаць сваімі рукамі». Мяркуецца, што Е.П. пісала летапісы і арыгінальныя творы. Пабудавала на свае сродкі дзве царквы ў Полацку, заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкамі асветы ў Полацкім княстве. Па яе заказе Лазар Богша ў 1161 зрабіў напрастольны шасціканцовы крыж - шэдэўр тагачаснага мастацкага рамяства. У 1941 крыж бясследна знік, а ў 1997 берасцейскі майстра М.Кузьміч зрабіў копію крыжа. Пры манастыры Е.П. заснавала школу, дзе вучыліся дзеці розных саслоўяў. Памерла падчас паломніцтва ў Ерусалім, дзе была пахавана ў манастыры святога Феадосія. У 1178 перапахавана ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры. У 1910 мошчы Е.П. урачыста перавезены з Кіева ў Полацак, дзе і знаходзяцца цяпер. Захаваліся царкоўныя спевы аб Е.П. у спісках 16-18 ст. Яе імя, справы і вобраз падзвіжніцы набылі найвышэйшую якасць нацыянальнага сімвала самаадданага служэння высакародным ідэалам хрысціянскага гуманізму і міласэрнасці, вернасці сваёй Радзіме.