Імпрэсіянізм (ад франц. impression - уражанне), кірунак у мастацкай культуры апошняй трэці 19 - пачатку 20 ст. Узнік у 1870-х г. у французскім жывапісе, а потым праявіўся ў музыцы, літаратуры, тэатры. Тэрмін «І.» паходзіць ад аднайменнай назвы адной з карцін Клода Манэ «Impression. Soleil Levant» («Уражанне. Узыход сонца»; 1872). Сярод асноўных прадстаўнікоў І. ў выяўленчым мастацтве - К.Манэ, П.-А.Рэнуар, К.Пісарро, Э.Дэга. Сутнасць І. - у танчайшай фіксацыі выпадковых прасторава-часавых момантаў рэчаіснасці, мімалётных уражанняў, паўтаноў. У сваіх пейзажах, партрэтах мастакі-імпрэсіяністы імкнуцца захаваць сілу і свежасць «першага ўражання», якое здольнае выявіць у рэчаіснасці сапраўды непаўторнае, унікальнае. У беларускім выяўленчым мастацтве рысы І. уласцівы творчасці Я.Драздовіча, В.Бялыніцкага-Бірулі, У.Кудрэвіча і інш. І. аказаў уплыў і на іншыя разнавіднасці мастацкай культуры - музыку, літаратуру і тэатр. І. у музыцы прадстаўлены імёнамі К.Дэбюсі, М.Равеля і інш., у літаратуры - К. Гамсуна, Т.Мана, С.Цвэйга і інш. Галоўнае ў музыцы І. - перадача тонкіх псіхалагічных настрояў і станаў, выкліканых сузіраннем знешняга свету.