Літаратура (ад лац. literatura - літар. «напісанае»), адзін з асноўных відаў мастацкай культуры; мастацтва слова. Тэрмінам «Л.» абазначаюцца таксама любыя творы чалавечай думкі, якія замацаваны ў пісьмовым слове і маюць грамадскае значэнне (напр., мастацкая Л., публіцыстычная Л., навуковая Л. і інш.). Існуюць віды пісьмовых твораў, набліжаныя да мастацкай Л., - мемуарная, эпісталярная, дакументальная Л. Захоўвае і перадае з пакалення ў пакаленне эстэтычныя, маральныя, сацыяльныя каштоўнасці. Падзяляецца на два асноўныя тыпы (формы) - паэзію і прозу, а таксама на тры роды - эпас, лірыку і драму. Уяўляе сабой своеасаблівую сістэму розных жанраў, матываў, вобразаў, сюжэтаў, выяўленчых сродкаў мовы, прыёмаў кампазіцыі і інш. Як мастацтва слова Л. узнікла ў старажытнасці на аснове міфалогіі і фальклору. Эпічныя паэмы Гамера, «Махабхарата», «Шы-зін», драмы Эсхіла, лірыка Сапфо і інш. заклалі аснову разнастайных форм літаратурнай творчасці. У Сярэднявеччы ў Эўропе былі складзены гераічныя паэмы і аповесці («Песня пра Роланда», «Песня пра Нібелунгаў», «Слова пра паход Ігаравы» і інш.). Перажывалі пад'ём Л. усходніх народаў: былі створаны манументальныя эпічныя творы (індыйская «Рамаяна», персідскія «Шахнамэ», арабскія «Тысяча і адна ноч» і інш.). У эпоху Адраджэння творчасць Дантэ, Дж.Бакачо, У.Шэкспіра, М. дэ Сервантэса заклала фундамент новай эўрапейскай Л. Асноўнымі мастацкімі стылямі і кірункамі, якія змянялі адзін аднаго на працягу 16-20 ст., былі барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, натуралізм, сімвалізм, мадэрнізм, постмадэрнізм. Літаратура 20 ст. вызначалася надзвычайным багаццем кірункаў, плённымі наватарскімі пошукамі ў галіне формы, зместу, сродкаў выяўлення, паглыбленнем яе сувязей з іншымі, пераважна новымі відамі мастацтва - напр., кіно, тэлебачанне, радыё. Атрымалі пашырэнне філасофскі раман, псіхалагічная навела, дэтэктыў, фантастыка, вестэрн, трылер, твор «патока свядомасці» і інш. Да ліку буйнейшых пісьменнікаў 20 ст. адносяцца Дж.Джойс, Ф.Кафка, М.Пруст, Э.Хемінгуэй, Р.Ралан, Т.Ман, Г.Гесэ, Р.Тагор, Акутагава, Ю.Місіма, У.Фолкнер, Г.Маркес, Х.Картасар, Х.Л.Борхес, М.Кундэра, Дж.Фаўлз, М.Павіч і інш. У 1901 заснавана Нобелеўская прэмія па Л., якая ўручаецца за найбольш значныя літаратурныя вартасці мастацкіх твораў.
Зараджэнне Л. на беларускіх землях было звязана са з'яўленнем у 10 ст. ва ўсходніх славян пісьменства. Спачатку яна развівалася на аснове традыцый вусна-паэтычнай творчасці і твораў царкоўна-рэлігійнага характару. Па меры пашырэння хрысціянства ў 11-12 ст. пачалі складацца жыціі (Ефрасінні Полацкай, Аўрамія Смаленскага), стварацца творы аратарскай прозы (Кірыла Тураўскі) і інш. У эпоху Адраджэння ўзніклі новыя віды і жанры Л. (кніжная паэзія, публіцыстыка, гістарычна-мемуарная проза, драматургія). Важнае значэнне ў гісторыі беларускай Л. мела творчая дзейнасць Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Сматрыцкага, В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, Ф.Багушэвіча, М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага і інш. У сярэдзіне - другой палове 20 ст. ў літаратуру прыйшлі і ярка сябе выявілі К.Чорны, М.Танк, П.Панчанка, І.Мележ, А.Адамовіч, В.Быкаў, У.Караткевіч, Н.Гілевіч, Р.Барадулін, А.Разанаў, Я.Сіпакоў, Я.Янішчыц, Н.Мацяш, Г.Бураўкін, С.Законнікаў, Б.Сачанка, М.Стральцоў, В.Адамчык, В.Казько, А.Макаёнак, М.Матукоўскі і інш. Для іх творчасці ўласцівы гуманістычная канцэпцыя бачання свету, патрыятычная накіраванасць, абвостраная ўвага да маральна-этычных, грамадскіх і экалагічных праблем, асэнсаванне вопыту мінулага жыцця народа і ролі асобы ў гісторыі, імкненне да спасціжэння сваіх «каранёў», нацыянальна-культурных вытокаў. У канцы 1980-х - пачатку 90-х г. значны грамадскі рэзананс атрымала т.зв. «лагерная паэзія» і публіцыстыка, створаная пісьменнікамі - вязнямі ГУЛАГа (вершы А.Звонака, С.Грахоўскага, С.Новіка-Пеюна, П.Пруднікава, мемуары М.Бяганскай «Мая Галгофа», Л.Геніюш «Споведзь», С.Грахоўскага «Зона маўчання» і «З воўчым білетам», П.Пруднікава «Яжовыя рукавіцы» і інш.). У жанры гістарычнай прозы плённа працуюць У.Арлоў, Л.Дайнека, Г.Далідовіч, В.Іпатава, К.Тарасаў, В.Чаропка. Выдаюцца творы пісьменнікаў беларускага замежжа (К.Акулы, Н.Арсенневай, А.Салаўя, М.Сяднёва і інш.).