Натуралізм (ад лац. naturalis - прыродны, натуральны), кірунак у эўрапейскім мастацтве апошняй трэці 19 ст. Узнік у Францыі на глебе непрымання ідэалізуючай эстэтыкірамантызму і класічнага рэалізму. Сфармаваўся пад уплывам пазітывісцкай філасофіі, імкнуўся да аб'ектыўна-дакладнага адлюстравання рэчаіснасці. Прадстаўнікі Н. (французскія пісьменнікі Э.Заля, браты Э. і Ж. Ганкуры, нямецкі драматург Г.Гаўптман і інш.) лічылі, што духоўны свет чалавека, яго лёс і воля прадвызначаны паўсядзённым сацыяльным асяроддзем, побытам, спадчыннасцю, яго падсвядомымі імпульсамі і схільнасцямі. Н. імкнуўся пераадолець умоўнасць мастацтва, адмаўляўся ад прынцыпаў абагульнення, тыпізацыі, ідэалізацыі. Для Н. уласціва бясстраснае, вельмі дакладнае, падрабязнае аднаўленне патоку жыцця ў спалучэнні са строгай сацыльна-біялагічнай дэтэрмінацыяй рэальных падзей.