Павіч Міларад (н. 1929), сербскі пісьменнік, літаратуразнавец. Спецыяліст па гісторыі сербскай літаратуры 17-19 ст., сербскаму барока і паэзіі сімвалізму. Выкладаў у шэрагу эўрапейскіх універсітэтаў (у Парыжы, Вене, Белградзе, Фрайбургу, Рэгенсбургу). Яго пяру належаць гісторыка-парадыйныя (парагістарычныя) раманы «Хазарскі слоўнік. Раман-лексікон на 100000 слоў» (1984), «Унутраны бок ветра, ці Раман аб Геро і Леандры» (1991), іранічны раман-прытча «Пейзаж, намаляваны чаем. Раман для аматараў красвордаў» (1988). Аўтар п'есы «Вечнасць і яшчэ адзін дзень (Тэатральнае меню)» (1988), зборніка апавяданняў «Страшныя любоўныя гісторыі» (2001). У творах П. заўважаюцца эстэтызацыя старадаўняга побыту, майстэрскае выкарыстанне міфалагічных сюжэтаў, хрысціянскіх і язычніцкіх легендаў, балканскага фальклора ў перапляценні з міфамі сучаснага постіндустрыяльнага грамадства. Пераклаў на сербскую мову творы Дж.Байрана і А.Пушкіна.

Паведаміць пра недакладнасьць