Сімвалізм (ад грэч. symbolon - знак, сімвал), мастацкі кірунак і філасофска-эстэтычная канцэпцыя ў розных эўрапейскіх краінах канца 19 - пачатку 20 ст. Зарадзіўся ў літаратуры (тэрмін «С.» упершыню ўвёў у 1886 французскі паэт Ж.Марэас у «Маніфесце сімвалізму»), пазней перарос у агульнаэўрапейскі культурны рух, які ахапіў таксама і тэатр, музыку, жывапіс. У мастацкай творчасці С. галоўным прызнае неўсвядомлены, інтуітыўны пачатак. Інтуіцыя як аснова пазнання і творчасці атаясамліваецца ў С. з містычным прасвятленнем, экстазам. Сімвалісты імкнуліся праз сваю інтуіцыю, праз складаныя сімвалы і знакі спасцігнуць не сапраўдную рэчаіснасць, а найперш «прыхаваную рэальнасць», звышчасавую ідэальную сутнасць свету, яго «нятленную прыгажосць». Найбольш яркімі прадстаўнікамі С. былі французскія паэты С.Малармэ (1842-1898), П.Верлен (1844-1896), А.Рэмбо (1854-1891), аўстрыйскі паэт Р.М.Рыльке (1975-1926), бельгійскі драматург, лаўрэат Нобелеўскай прэміі М.Метэрлінк (1862-1949), Эстэтычныя прынцыпы С. узыходзілі да ідэй рамантызму, да філасофіі А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, да творчасці кампазітара Р.Вагнера. Для многіх твораў сімвалістаў уласцівы музыкальнасць, яркая вобразнасць, філасофская сімволіка, надзвычайная эмацыянальнасць, інтымнасць, пластычнасць.