Місіма Юкіо (сапр. Хіраока Кімітакэ; 1925-1970), японскі пісьменнік, драматург. Скончыў гімназію, Такійскі ўніверсітэт. Аўтар 40 раманаў, 18 п'ес, шматлікіх апавяданняў, эсэ і публіцыстычных твораў. Сярод яго лепшых раманаў - «Споведзь маскі» (1948), «Залаты храм» (1956), «Вясенні снег» (1968), «Храм Світання» (1970) і інш. Вядомы таксама як рэжысёр, акцёр тэатра і кіно, дырыжор сімфанічнага аркестра, фатограф, спартсмен (у сферы бодыбілдынгу, каратэ). Глыбінныя вытокі сваёй творчасці М. бачыў у сублімацыі сваіх агрэсіўных, разбуральных схільнасцей і імпульсаў. Яго творы перакладзены на многія мовы свету, неаднаразова экранізаваліся, ставіліся на тэатральнай сцэне. Для яго творчай манеры характэрны глыбокі псіхалагізм, парадаксальныя разважанні і думкі, шакіруючыя сюжэты і паводзіны персанажаў, віртуознасць стылю, спалучэнне традыцый эўрапейскага мадэрнізму і традыцыйных японскіх мастацкіх каштоўнасцей. Скончыў жыццё самагубствам у форме традыцыйнага рытуалу японскіх самураяў (харакіры) пасля няўдалай спробы манархічнага ваеннага перавароту.