Лірыка (ад грэч. lyrikos - што прамаўляецца пад гукі ліры), род літаратуры (разам з эпасам, драмай), прадмет якога - змест унутранага жыцця, уласнае «Я» паэта, а моўная форма - унутраны маналог, пераважна ў вершах. Ахоплівае мноства вершаваных жанраў (напр., санет, элегія, раманс, газель і інш.). Узнікла ў Старажытнай Грэцыі. Любыя з'явы і падзеі жыцця ў Л. адлюстроўваюцца ў форме суб'ектыўных перажыванняў. Аднак дзякуючы маштабнасці і глыбіні асобы аўтара яго «самавыяўленне» ў Л. набывае агульначалавечае значэнне; ёй падуладная ўся паўната выяўлення самых складаных праблем быцця. У розныя гістарычныя эпохі вышэйшыя ўзоры лірычнай паэзіі стварылі Анакрэонт, Сапфо, Катул, Ф.Петрарка, У.Шэкспір, Дж.Байран, А.Пушкін, А.Блок і інш. У беларускай літаратуры лепшыя лірычныя творы стварылі М.Багдановіч, Я.Купала, У.Жылка, Л.Геніюш, К.Буйла і інш.