Постмадэрнізм (постмадэрн; ад слоў post - пасля + modern - сучасны),

1) мастацкі стыль і спосаб светаўспрымання, паводзін людзей у другой палове 20 ст. Для П. уласцівы аб'яднанне ў межах аднаго твора вобразаў, матываў і мастацкіх сродкаў розных гістарычных эпох, рэгіёнаў і субкультур; алегарычнасць, своеасаблівая «цытатнасць», часам гратэскнасць, незвычайнасць форм. П. адмовіўся ад рацыяналістычнага падыходу, ад усякіх ацэнак, абмежаванняў, рэгламенту, упарадкаванасці, нормаў, каштоўнаснай іерархіі і да т.п. Элементы постмадэрнісцкай паэтыкі сустракаюцца ў творчасці беларускіх паэтаў М.Танка, А.Вярцінскага, А.Разанава, некаторых больш маладых творцаў (напр., В.Жыбуль, З.Вішнёў, М.Баярын, С.Мінскевіч, А.Бахарэвіч, І.Сін і інш.). У галіне выяўленчага мастацтва праводзяцца выстаўкі постмадэрнісцкіх работ, якія нярэдка суправаджаюцца хэпенінгамі і перформансамі. Сярод беларускіх мастакоў-постмадэрністаў - А.Клінаў, Т.Копша і інш., якія ствараюць пераважна разнастайныя калажы, рэдзі-мэйд.

2) Плынь эўрапейскай філасофскай думкі, якая склалася ў краінах Заходняй Эўропы ў другой палове 20 ст. Сярод асноўных прадстаўнікоў - Ж.Дэрыда, Х.Гадамер, М.Фуко, Рыкерт, часткова М.Хайдэгер і інш. У іх філасофскіх творах разгарнулася сапраўдная крытыка розуму, рацыяналістычнага пачатку, логікі; сцвярджалася немагчымасць з дапамогай розуму спасцігнуць ісціну, раскрыць аб'ектыўную рэальнасць.

Паведаміць пра недакладнасьць