Культурная рыса, тэрмін культуралогіі, які абазначае ўстойлівую сукупнасць традыцыйных для дадзенай культуры ўяўленняў, дзеянняў, каштоўнасцей; непадзельная адзінка ў выглядзе стэрэатыпа паводзін ці матэрыяльнага прадукта. Усе К.р. падзяляюцца на характэрныя (сустракаюцца рэгулярна, паўтараюцца або дамінуюць у жыцці дадзенага індывіда, групы ці грамадства) і нехарактэрныя; універсальныя, агульныя і ўнікальныя (спецыфічныя). Універсальнымі К.р. з'яўляюцца такія, якія ўласцівы ўсяму чалавечаму роду і адрозніваюць яго ад іншых відаў жывых істот (працяглы перыяд дзяцінства, круглагадзічны характар сексуальнай актыўнасці, групавое жыццё, размеркаванне ежы і г.д.). Агульныя (ці рэгіянальныя) К.р. уласцівы шэрагу грамадстваў і народаў - напр., нуклеарная сям'я. Унікальныя (ці экзатычныя) К.р. характэрны толькі для асобных народаў - напр., абрад ініцыяцыі ў першабытных плямёнах і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць