Персіі (Ірана) Старажытнай культура, сукупнасць культурных здабыткаў жыхароў старажытнай Персіі (Ірана) дзяржавы ў Паўднёва-Заходняй Азіі. Паводле археалагічных звестак, тэрыторыя сучаснага Ірана была заселена чалавекам з канца ніжняга (верхняга) палеаліта. У 3 тыс. да н.э. тут існавала старажытная дзяржава Элам, якая найбольшага росквіту дасягнула ў 13-12 ст. да н.э. У 6-4 ст. да н.э. улада належала дынастыі Ахеменідаў (т.зв. «ахеменідскі перыяд»), пры якой былі значна пашыраны межы краіны, вяліся грэка-персідскія войны, мела месца паспяховае сацыякультурнае развіццё. Найбольшай магутнасці старажытнаперсідская дзяржава дасягнула пры «цары цароў» Дарыі І Вялікім (правіў у 522-486 гг. да н.э.), калі яна з'яўлялася адной з самых вялікіх і моцных імперый у тагачасным свеце. Пасля заваяванняў Аляксандрам Македонскім у 330 г. да н.э. тэрыторыя Персіі ўвайшла ў склад эліністычнай дзяржавы Селеўка (з дынастыі Селеўкідаў), а з сярэдзіны 2 ст. н.э. - Парфянскага царства. У пачатку 3 ст. была створана Сасанідская дзяржава (пануючая дынастыя - Сасаніды). У наступныя стагоддзі працяглыя войны і міжусобіцы аслабілі краіну і ў 7 ст. яна была заваявана арабамі і ўключана ў склад Арабскага халіфата. Да ліку адметных рыс П.С.к. адносяцца пераемнасць, устойлівасць, амаль поўная нязменнасць культурных традыцый, мастацкіх падыходаў. На культуру старажытнай Персіі прыкметны ўплыў аказалі культуры розных народаў і цывілізацый свету - найперш Месапатаміі (Шумера, Асірыі, Акада і Вавілоніі) і Грэцыі эпохі элінізму. У развіцці старажытнаперсідскай культуры важную ролю адыгрывалі спачатку політэістычныя ўяўленні, а пазней зараастрызм. З помнікаў старажытнаперсідскай архітэктуры захаваліся рэшткі асобных зікуратаў, скальных пахавальняў, манументальных палацаў са шматстаўповымі заламі (ападанамі). Гэтыя палацы (у гарадах Персепаль, Пасагады, Сузы і інш.) звычайна аздабляліся каменнымі рэльефамі, іх высокія калоны ўвенчваліся складанымі капітэлямі. У мастацтве перыяду Ахеменідаў і Сасанідаў найбольш развітай была манументальная скульптура - каменныя і шматколерныя рэльефы, вялізныя статуі, а таксама тарэўтыка і гліптыка (мастацтва разьбы па каштоўных і паўкаштоўных каляровых камянях). У другой палове 2-га тыс. да н.э. узнікла эламскае складовае пісьмо, з дапамогай якога запісваліся гаспадарчыя, палітычныя і нават рэлігійныя тэксты. Пазней на тэрыторыі старажытнай Персіі шырока распаўсюдзіліся пісьмовыя мовы Месапатаміі - у першую чаргу шумера-акадская мова (клінапіс). У больш позні перыяд быў створаны старажытнаперсідскі клінапіс, якім звычайна рабіліся надпісы на сценах і калонах царскіх палацаў, пахавальнях. Літаратура старажытнай Персіі прадстаўлена найперш фрагментамі зараастрыйскіх сакральных тэкстаў (1-е тыс. да н.э.), сярод якіх галоўную ролю адыгрывае «Авеста». У Сасанідскі перыяд ствараліся рэлігійна-павучальныя, рэлігійна-гістарычныя і паэтычныя творы на старажытнаперсідскай мове (пехлеві).

Паведаміць пра недакладнасьць