Поп-музыка (ад англ. popular music - папулярная, агульнадаступная музыка), сукупнасць плыняў масавай музычнай культуры, якія пачалі актыўна распаўсюджвацца ў другой палове 20 ст. Часам яе атаясамліваюць з лёгкай музыкай, эстраднай музыкай. Сам тэрмін «П.-м.» узнік у 1950-я г. і спачатку прымяняўся для абазначэння рок-музыкі. Да П.-м. традыцыйна адносяць практычна ўсе з'явы камерцыйнай музычна-забаўляльнай індустрыі. Уключае розныя музычныя стылі - «фолк» і «кантры» (паходзіць ад традыцый сельскага фальклору белых жыхароў ЗША), «соўл» (спалучэнне элементаў «рытм-энд-блюза» і рэлігійных песнапенняў), «фанк» (спалучэнне «госпел» і танцавальнай музыкі афрыканскага паходжання); «рэгі» (з элементамі традыцыйнай музыкі народаў Карыбскага басейна), «дыска» (танцавальная музыка эўрапейскіх дыскатэк) і інш. Асноўны прынцып П.-м. - стварэнне стылявых стэрэатыпаў (у т.л. з элементаў народнай, класічнай музыкі, джаза), якія аблягчаюць успрыманне і забяспечваюць камерцыйны поспех. П.-м. звязана з разгалінаванай сістэмай музычна-забаўляльных паслуг, з шоў-бізнесам. Распаўсюджваецца праз гуказапіс, аўдыё- і відэакасеты, кампакт-дыскі, Інтэрнет. Тэматыка твораў П.-м. разнапланавая - ад перадачы ідэалізаваных пачуццяў, адчування эмацыянальна-псіхалагічнага камфорту да пратэстных ідэй, тэндэнцый, вострай сацыяльнай крытыкі. Нярэдка мастацкі ўзровень сучасных твораў П.-м. бывае даволі нізкі, мелодыі з'яўляюцца прымітыўнымі, а тэксты многіх песень вызначаюцца безгустоўнасцю, часам яўнай пошласцю, адсутнасцю глыбокага зместу.

У беларускай П.-м. на працягу мінулых дзесяцігоддзяў склаўся і дамінаваў жанр эстраднай песні (пераважна лірычнага характару). Найбольш плённа і паспяхова ў гэтай галіне з 1970-1980-х г. працавалі і працягваюць працаваць такія вядомыя беларускія кампазітары, як І.Лучанок, У.Буднік, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, У.Мулявін, Э.Ханок, А.Елісеенкаў і інш. Сярод найбольш вядомых и папулярных выканаўцаў - В.Вуячыч, Т.Раеўская, Я.Еўдакімаў, Я.Паплаўская і А.Ціхановіч, В.Дайнека, І.Афанасьева, М.Скорыкаў, Л.Ялінская, І.Дарафеева і інш. Папулярызацыі П.-м. спрыяе дзейнасць Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Паведаміць пра недакладнасьць