Праваслаўе (ад слоў «правільна славіць Бога»), адзін з асноўных (разам з каталіцызмам і пратэстантызмам) кірункаў у хрысціянстве. Узнікла з падзелам у 395 г. Рымскай імперыі на Заходнюю і Ўсходнюю. Багаслоўскія асновы П. сфармаваліся ў Візантыі на працягу 9-11 ст. Канчаткова склалася як самастойная царква ў 1054 з падзелам хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. Вераспавядальную аснову П. складаюць Свяшчэннае Пісанне (Біблія) і Свяшчэннае Паданне (рашэнні першых сямі Ўсяленскіх сабораў і працы айцоў Царквы 2-8 ст.). Важнейшыя догматы праваслаўнага веравучэння: - трыадзінства Бога; - богаўвасабленне; - збавенне; - уваскрэсенне і ўзнясенне Ісуса Хрыста. Найбольш важны догмат у праваслаўных вернікаў - вера ў адзінага Бога, які мае тры іпастасі: Бог-Бацька, Бог-Сын і Бог-Дух Святы, прычым Святы Дух сыходзіць толькі ад Бога-Бацькі. У П. сем таінстваў (культавых дзеянняў, якія павінны даць чалавеку Божую ласку: хрышчэнне, мірапамазанне, еўхарыстыя (святое прычасце), пакаянне (споведзь), шлюб, святарства, елеапамазанне (сабораванне). П. складаецца з некалькіх аўтакефальных (самастойных) цэркваў. Найбольш распаўсюджана ў асобных краінах СНД (найперш Расеі, Украіне, Беларусі), у Грэцыі, Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, на Кіпры і інш. Агульная колькасць праваслаўных вернікаў складае звыш 150 млн. чал.

Пачаткам гісторыі праваслаўнай царквы ў Беларусі прынята лічыць 992 - год заснавання Полацкай епархіі. На працягу стагоддзяў П. адыгрывала прыкметную ролю ў грамадска-культурным жыцці Беларусі: развіцці школьніцтва, пашырэнні кніжнай навукі і пісьменства. У Вялікім Княстве Літоўскім П. зведвала як перыяды свабоднага развіцця, так і часы абмежаванняў, узмоцненай барацьбы з іншымі канфесіямі. Пасля заключэння Берасцейскай вуніі 1596 частка праваслаўных епіскапаў і вернікаў перайшла ва вуніяцтва. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расейскай імперыі пачаўся працэс паступовага замацавання праваслаўнай царквы як пануючай у дзяржаве. Полацкі царкоўны сабор 1839 прыняў рашэнне пра канчатковае далучэнне вуніятаў да праваслаўнай царквы. Пасля царскага ўказа 1905 аб верацярпімасці пачаўся пераход з П. ў каталіцтва. У савецкі перыяд царква ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі была аддзелена ад дзяржавы. У 1922 створана Менская мітраполія, у 1927 абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. У наступныя дзесяцігоддзі многія цэрквы былі зачынены, а святары і вернікі падвяргаліся пераследаванням, рэпрэсіям. Актывізацыя царкоўнага жыцця адбывалася з канца 1980-х г. У 1989 створаны Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхата (Беларуская праваслаўная царква). Дзейнічаюць брацтвы, сястрынствы, манастыры, духоўная акадэмія, духоўная навучальня. Выдаюцца часопісы, газеты, царкоўныя календары і інш. рэлігійная літаратура.

Паведаміць пра недакладнасьць