Праметэй, у грэчаскай міфалогіі тытан, багаборца, абаронца людзей ад дэспатызму багоў. З'яўляецца адным з вечных вобразаў, сімвалам мужнага пакутніка, які ахвяраваў сабой дзеля чалавечага роду. Паводле міфаў, стварыў з зямлі і вады людзей, навучыў іх будаваць жыллё, вадзіць караблі, далучыў да астраноміі, медыцыны, пісьма. Выкраў у багоў з Алімпа агонь і прынёс яго людзям, за што раззлаваны Зеўс загадаў прыкаваць П. да скалы. Кожны дзень на працягу тысячагоддзяў да П. прылятаў арол і дзёўб яго печань, якая за ноч адрастала. Старажытнагрэчаскі герой, сын Зеўса Геракл забіў арла і вызваліў П. У старажытных Афінах культ П. шанавалі адначасова з культамі Гефеста і Афіны. Існавала свята ў гонар П. - праметэі - бег з факеламі. Адначасова з гераічнай (Эсхіл, Гесіёд) у антычнасці існавала трактоўка П. як хітрага падманшчыка багоў, які не разлічыў магчымых наступстваў сваіх добрых намераў для чалавека (Гарацый). Вобраз П. - адзін з найбольш значных у сусветнай літаратуры (П.Кальдэрон, І.В.Гётэ, Дж.Байран, П.Б.Шэлі, Ф.Кафка і інш.), яму прысвечаны творы выяўленчага мастацтва (Л.Карачы, П.П.Рубенс, Я.Іорданс і інш.) і музыкі (Л.Бетховен, А.Скрабін і інш.).