Светапогляд, абагульненая сістэма поглядаў на навакольны свет, месца і ролю ў ім чалавека, а таксама на адносіны людзей да аб'ектыўнай рэчаіснасці і адзін да аднаго; адпаведныя гэтаму ідэалы і перакананні. С. - гэта базавыя ўяўленні, каштоўнасці, маральныя прынцыпы, вераванні, устаноўкі, ідэалы, якія ўласцівы індывіду або падзяляюцца сябрамі грамадства і выкарыстоўваюцца ў якасці крытэрыяў у адносінах да навакольнага асяроддзя. Суб'ектам (носьбітам) С. з'яўляецца і асобны чалавек, і сацыяльныя, прафесійныя групы, а таксама этнанацыянальныя, рэлігійныя супольнасці, і нават грамадства ў цэлым. С. асобнага індывіда фармуецца пад уздзеяннем - спантанным ці мэтанакіраваным - С. грамадства і тых сацыяльных супольнасцей, у якія ён уваходзіць. У складзе С. выдзяляюцца такія якасна адрозныя элементы, як веды і перакананні. У тых выпадках, калі хочуць падкрэсліць эмацыянальны бок С., часта выкарыстоўваць тэрмін «светаўспрыманне» (напр., аптымістычнае, трагічнае светаўспрыманне, і да т.п.). Гістарычна першай формай С. з'яўляецца міфалагічны С., характэрны для дакласавых і раннекласавых грамадстваў. Асаблівую светапоглядную нагрузку бяруць на сябе рэлігія і філасофія. Пачынаючы з 17 ст. істотнае значэнне ў фармаванні С. набывае навука. У сучасным свеце ў структуры С. узмацняецца такая яго «складаючая частка», як агульначалавечыя каштоўнасці.

Паведаміць пра недакладнасьць