Рэлігія (ад лац. religio - набожнасць, святыня, культ багоў), светапогляд і светаадчуванне, а таксама адпаведныя паводзіны і спецыфічныя дзеянні (культ), заснаваныя на веры ў існаванне Бога або багоў. Найбольш важнай, істотнай характарыстыкай любой Р. з'яўляецца вера ў звышнатуральны, надпрыродны абсалют - Бога. Структуру Р. складаюць: рэлігійная свядомасць (рэлігійныя ідэі, уяўленні, пачуцці); рэлігійныя культы (богаслужэнне, таінствы, пасты, малітвы, святы, рытуалы і інш.); рэлігійныя арганізацыі (цэрквы, секты). Выдзяляюцца розныя гістарычныя формы і тыпы Р.: родава-племянныя (язычніцтва); нацыянальна-дзяржаўныя, ці этнічныя (юдаізм, індуізм, сінтаізм, канфуцыянства, даасізм); сусветныя, ці наднацыянальныя (будызм, хрысціянства, іслам). Спачатку існавалі родавыя і племянныя Р., а на больш позняй стадыі гістарычнага развіцця ўзніклі сусветныя Р. - будызм (6-5 ст. да н.э.), хрысціянства (1 ст.), іслам (7 ст.). Для старажытных Р. быў характэрны політэізм, які пазней змяніўся монатэізмам (адзінабожжам).

На тэрыторыі Беларусі ў старажытны перыяд панавала такая форма Р., як язычніцтва. З цягам часу асобныя элементы язычніцкіх вераванняў трансфармаваліся і паступова сталі элементамі хрысціянскай Р. Хрышчэнне (хрысціянізацыя) беларускіх зямель пачалася ў канцы 10 - пачатку 11 ст. У той перыяд характэрнай рысай рэлігійных вераванняў у Беларусі быў т.зв. «сінкрэтызм» - арганічнае ўзаемаперапляценне старажытных язычніцкіх з больш познімі хрысціянскімі ўяўленнямі. У наступныя стагоддзі атрымалі пашырэнне праваслаўе і каталіцызм. У 14-15 ст., пасля пасялення на землях Вялікага Княства Літоўскага жыдоў і татараў, тут з'явіліся юдаізм і іслам. У 16 ст. пашырыўся ўплыў пратэстантызму - найперш у выглядзе кальвінізму (рэфармацтва), у меншай ступені - лютэранства, арыянства. З канца 16 ст., пасля заключэння Берасцейскай царкоўнай вуніі 1596 г., на тэрыторыі Беларусі пачало распаўсюджвацца вуніяцтва. У 17-19 ст. працягвала захоўвацца поліканфесійная сітуацыя з яўным дамінаваннем хрысціянскіх канфесій; мелі месца выпадкі праследаванняў прадстаўнікоў розных веравызнанняў, міжканфесійных непаразуменняў. У красавіку 1905 быў выдадзены царскі ўказ, згодна з якім адмяняліся абмежаванні дзейнасці рэлігійных аб'яднанняў і Цэркваў. У лютым 1918 быў прыняты дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», а ў студзені 1922 - аналагічная па зместу пастанова СНК БССР «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы». У адпаведнасці з гэтымі заканадаўчымі актамі, былі адменены ўсе ранейшыя прывілеі царквы, маёмасць царквы і рэлігійных таварыстаў была абвешчана агульнанароднай, рэлігійным арганізацыям забаронена адкрываць або мець агульнаадукацыйныя школы і да т.п. Савецкія ўлады павялі працяглую барацьбу з Р. як своеасаблівым «опіумам народа» (вызначэнне К.Маркса), замест якой афіцыйна падтрымліваліся атэізм. Актывізацыі рэлігійнага жыцця ў канцы 1980-х г. паспрыялі такія фактары, як абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, заканчэнне манаполіі КПСС-КПБ і ўвядзенне шматпартыйнасці, дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця і інш. Вынікам своеасаблівага «рэлігійнага рэнесансу» 1990-х г. стала тое, што ў Беларусі за дзесяць гадоў (1988-1997) колькасць рэлігійных абшчын павялічылася ў 2,5 разоў, а рэлігійных кірункаў - у 3 разы (цяпер у РБ існуе 26 канфесій). У снежні 1992 быў прыняты «Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацый», які абвясціў свабоду рэлігійных аб'яднанняў, усім грамадзянам гарантаваў права прытрымлівацца любой Р. або не прызнаваць ніякай.

Паведаміць пра недакладнасьць