Структуралізм (ад лац. structura - будова, размяшчэнне і сувязь састаўных элементаў чаго-небудзь), кірунак у гуманітарных ведах (лінгвістыка, літаратуразнаўства, гісторыя і інш.), які сфармаваўся ў 1920-я г. і быў звязаны з выкарыстаннем структурнага метаду. Атрымаў найбольшае пашырэнне ў 1960-я г. ў Францыі (К.Леві-Строс, М.Фуко, Р.Барт, Ж.Дэрыда). У яго аснове - выяўленне структуры як адносна ўстойлівай сукупнасці адносін і частковае адцягненне ад развіцця аб'ектаў. С. выкарыстоўвае таксама метады мадэліравання, матэматызацыі, фармалізацыі, элементы семіётыкі. Даследуе культуру як сукупнасць знакавых сістэм (мовы, навукі, мастацтва, моды, рэкламы і да т.п.), аналізуе заканамернасці іх функцыянавання, якім неўсвядомлена падначальваецца чалавек. Гэтым заканамернасцям адпавядаюць глыбінныя пласты культуры («эпістэма», «ментальныя структуры», «дыскурсіўныя фармацыі»).

Паведаміць пра недакладнасьць