Сярэднявечная культура, адмысловая культура, уласцівая эўрапейскім краінам у эпоху Сярэднявечча, якая працягвалася ад 5 ст. н.э. (падзенне Заходняй Рымскай імперыі) па 15 ст. (калі пачалася эпоха Адраджэння). Асноўнай асаблівасцю С.к. з'яўляецца яе рэлігійны (хрысціянскі) характар, відавочны «тэацэнтрызм», г.зн. такі светапогляд, дзе ў цэнтры ўвагі знаходзіцца Бог. Вызначалася таксама надзвычайным традыцыяналізмам, кананічнасцю, дагматычнасцю, а часам ідэйнай інталерантнасцю (нецярпімасцю). Для яе былі ўласцівы сімвалізм і алегорыя (іншасказальнасць), цяга да абагульненасці, універсалізму, а таксама рэфлексіўнасць, псіхалагічная заглыбленасць, дыдактычнасць, ананімнасць большасці твораў мастацтва. Эпоха Сярэднявечча вызначалася сутыкненнем, сінтэзам некалькіх культурных арыентацый, плыняў: з аднаго боку, царкоўнай, вучонай, афіцыйнай, а з другога - народнай, карнавальнай, «смехавой». Прычым калі царкоўная культура была хрысціянскай, то народная захоўвала нярэдка нямала элементаў старажытных язычніцкіх вераванняў. У эпоху Сярэднявечча канчаткова сфармаваліся некалькі спецыфічных субкультур (напр., трох асноўных саслоўяў - духавенства, дваранства, «трэцяга саслоўя»). Узніклі новыя дзяржавы, народы, склаліся сучасныя эўрапейскія мовы, былі адкрыты новыя землі, адбылося вынаходніцтва кнігадрукавання і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць