Атэізм (франц. atheisme ад грэч. atheo - бязбожны), сістэма поглядаў, якая адмаўляе існаванне Бога, звышнатуральных сутнасцей. Існуе некалькі разнавіднасцей атэізму. Агнастычны атэізм аспрэчвае сцвярджэнне, што Бог (калі ён нават і існуе) не можа быць пазнаны людзьмі. Такі від атэізму быў характэрны філосафам Старажытных Грэцыі і Рыма (Дэмакрыт, Крытый, Пратагор, Горгій, Эпікур, Лукрэцый, раннія кінікі і скептыкі). У 20 ст. праявы такога атэізму можна знайсці ў працах пазітывістаў (Б.Расел, Л.Вітгенштэйн і інш.). Радыкальны атэізм у прынцыпе адмаўляе існаванне Бога. Ён характэрны для паслядоўнікаў матэрыялізму - Д.Дзідро, К.Гельвецый, П.Гольбах, Ж.Ламетры, Л.Феербах. Найбольш рэльефна рысы радыкальнага атэізму выяўлены ў поглядах К.Маркса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў, у ідэалогіі камуністаў. Галоўным прадстаўніком пастулатыўнага атэізму быў нямецкі філосаф Н.Гартман - заснавальнік т.зв. «крытычнай (новай) анталогіі». Ён лічыў, што мэтавы дэтэрмінізм Божага наканавання адмаўляе этычную свабоду, а разам з тым і ўсе перадумовы этычнага выбару і маральных паводзін. У адрозненне ад тэарэтычнага існуе так званы стыхійны атэізм, які ідзе ад прызнання самадастатковасці прыроды і чалавека без ніякіх звышнатуральных з'яў. Праявы яго вельмі разнастайныя: ад інтуітыўных уяўленняў да цвёрдых перакананняў, падставай для якіх з'яўляецца вопыт жыцця і веды ў розных сферах рэчаіснасці.

У Беларусі ідэі атэізму пачалі пашырацца ў 16-17 ст. (К.Бекеш, С.Будны, С.Лован, К.Лышчынскі і інш.). Пачатковай яго крыніцай служылі вальнадумства і ерасі. Моцны штуршок для развіцця атэізму даў рэфармацыйны і гуманістычны рух і звязаны з імі рэлігійны скептыцызм. Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 пачалося шырокае разбурэнне рэлігійнасці і ператварэнне атэізму ў дзяржаўную ідэалогію. У сучаснай Беларусі ідзе глыбокая светапоглядная трансфармацыя, сфера распаўсюджвання атэізму ўсё больш звужаецца.

Паведаміць пра недакладнасьць