Бізнес (англ. business), эканамічная дзейнасць з мэтай атрымання прыбытку ці іншай выгады. Адзін з асноўных заняткаў ва ўмовах рыначнай эканомікі, крыніца эканамічнага і сацыяльнага развіцця грамадства. Ахоплівае вытворчую, камерцыйную, кансультацыйную, банкаўскую і іншыя сферы дзейнасці. Паводле колькасці работнікаў, аб'ёму вытворчасці прадукцыі, умоў дзейнасці вылучаюць малы, сярэдні і буйны бізнес. Самы масавы - малы бізнес: як правіла, гэта невялікія прадпрыемствы, якія выпускаюць аднародную прадукцыю і займаюць невялікую ўдзельную вагу на рынку. У развітых краінах існуе сістэма дзяржаўнай падтрымкі такога бізнесу, бо ён задавальняе штодзённыя дробныя патрэбы людзей.

Чалавек, які займаецца бізнесам, - бізнесмен. Ён можа быць уласнікам прадпрыемства або нанятым прадпрымальнікам для работы ў сферы менеджменту, маркетынгу, фінансаў і г.д. Для прыняцця аптымальных рашэнняў ён павінен мець адпаведныя здольнасці, каб вызначаць галоўныя канцэпцыі і тэндэнцыі рынку, апрацоўваць вялікія інфармацыйныя масівы з выкарыстаннем камп'ютэрнай і іншай сучаснай тэхнікі. У цывілізаваных краінах усё больш узрастае і роля маральна-этычных прынцыпаў бізнесу - захавання дзелавой этыкі, сумленных метадаў канкурэнтнай барацьбы, выканання фармальных і нефармальных абавязацельстваў. Сацыяльны і эканамічны статус бізнесмена залежыць не толькі ад росту яго прыбытку, а і ад удзелу ў вырашэнні сацыяльных праблем грамадства - у стварэнні новых рабочых месцаў, добраўпарадкаванні населеных пунктаў, дапамозе маламаёмным і г.д. Гл. таксама Прадпрымальніцтва.

Паведаміць пра недакладнасьць