Геніяльнасць, найвышэйшы ўзровень развіцця здольнасцей чалавека. Сярод твораў антычнага мастацтва ёсць выява юнака, які трымае ў руках рог дастатку - сімвал багацця. Так у старажытнасці малявалі вобраз Генія - бажаства, якое апекавала асобных людзей, сем'і, гарады і нават цэлыя народы. Людзі прасілі, каб Геній ахоўваў іх і спадарожнічаў ім усё жыццё, прыносілі яму ахвяры. Сёння мы называем геніем чалавека, які валодае прыроджанымі творчымі здольнасцямі, дасягнуў найвышэйшай ступені свайго развіцця ў галіне навукі, мастацтва, культуры і інш. У адрозненне ад таленту геніяльнасць уяўляе сабой і найвышэйшую ступень здольнасцей, і велізарную працаздольнасць, і здольнасць дабівацца такіх вынікаў у сваёй творчай працы, якія пакінулі б прыкметны след у жыцці грамадства. З псіхалагічнага пункту погляду геній не з'яўляецца нейкім асаблівым тыпам чалавека.

Гістарычны погляд на прыроду геніяльнасці звязаны з агульным разуменнем творчага працэсу. Так, з антычных часоў да нас дайшоў погляд на геніяльнасць як род ірацыянальнага натхнення (Платон, неаплатанізм). У эпоху Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Дж.Вазары, Скалігер) пашыраны погляд на генія як на творчую індывідуальнасць. Свайго апагею культ геніяльнасці дасягнуў ў перыяд рамантызму (перадрамантычная плынь «Бура і націск» у Германіі, вучэнне Карлейля, Ніцшэ з характэрным для іх проціпастаўленнем генія і масы). У 18 ст. паняцце геніяльнасці набывае сучаснае яго разуменне і становіцца адным з эстэтычных паняццяў (геній стварае так, як сіла прыроды; яго творы арыгінальныя, у адрозненне ад мастака, які запазычвае чужыя ідэі). Паводле Канта геній - гэта «прыроджаныя задаткі душы, праз якія прырода дае мастацтву правіла». Шылер прыроду геніяльнасці раскрываў праз паняцце «наіўнасці» як інстынктыўнай імітацыі прыроды і як здольнасці да непрадузятага асэнсавання свету.

Паведаміць пра недакладнасьць