Гістарычнае і лагічнае, філасофскія катэгорыі, з дапамогай якіх выражаецца ўзаемасувязь рэальнага працэсу развіцця і яго адлюстраванне ў тэарэтычнай свядомасці. З'яўляюцца двума канкрэтнымі бакамі прынцыпу гістарызму, які прасочвае розныя пераўтварэнні аб'екта пры адначасовым раскрыцці заканамернасцей і механізмаў дадзенага працэсу. Гістарычнае - гэта сам аб'ектыўны працэс развіцця пэўнага прадмета, з'явы. Ён ахоплівае ўсю разнастайнасць і багацце індывідуальных праяўленняў, рыс і ўласцівасцей кожнага аб'екта, увесь комплекс яго змен у часе і прасторы і тоесны рэальнай гісторыі гэтага аб'екта (напрыклад, узнікненне і развіццё зорак і планет у Сусвеце, паходжанне чалавека з гамінідаў, станаўленне цывілізацыі, з'яўленне дзяржавы, ход палітычнай гісторыі чалавецтва і інш.). Лагічнае ўяўляе сабой адлюстраванне гістарычнага ў навуковым мысленні. Яго зыходным пунктам з'яўляецца пэўны вынік унутранага разгортвання прадмета або з'явы, выдзяленне істотных узаемасувязей і ўзаемадзеянняў, што выклікалі рэальны гістарычны рух аб'екта. Катэгорыі гістарычнага і лагічнага валодаюць уласцівай кожнаму з іх якаснай вызначанасцю і ў той жа час знаходзяцца ў непарыўным адзінстве, абумоўленым адзінствам быцця чалавека ў навакольным свеце і пазнання гэтага свету. Найважнейшай рысай гэтага адзінства з'яўляецца яго супярэчлівасць - вынік адноснай самастойнасці лагічнага, якое залежыць ад узроўню назапашаных чалавецтвам ведаў, сацыяльных, палітычных і іншых фактараў. Кожнае з гэтых паняццяў служыць асновай адпаведнага метаду даследавання гістарычнага працэсу. Як метад пазнання рэчаіснасці ўзаемадзеянне паміж гістарычным і лагічным дае магчымасць узнавіць заканамерны ход гісторыі любога аб'екта і адначасова захаваць яго індывідуальныя асаблівасці.