Гісторыя (грэч. historia - апавяданне пра мінулае, даследаванне мінулага), 1) працэс развіцця прыроды і грамадства ў цэлым. 2) Комплекс грамадскіх навук, якія вывучаюць мінулае грамадства для пазнання, разумення яго сучаснага і перспектыў развіця. Працэс назапашвання гістарычных ведаў пачаўся ў далёкім мінулым, спачатку ў вуснай творчасці, а потым у пісьмовых помніках. Значны след у выпрацоўцы гістарычных уяўленняў пакінулі антычныя гісторыкі Герадот, Фукідыд, Ксенафонт, Палібій, Плутарх, Ціт Лівій, Тацыт і інш., многія падзеі гісторыі адлюстраваны ў старажытнарымскіх аналах. Асноўнымі гістарычнымі творамі эпохі сярэднявечча, у т.л. старажытных беларускіх княстваў, Вялікага Княства Літоўскага, былі летапісы, хранографы, хронікі. Працяглы час гісторыя мела апісальны, эмпірычны характар. З 18 ст. вядомы гістарычныя школы, якія вывучалі сувязі, структуру чалавечага грамадства, механізм гістарычнага працэсу. У станаўленні гісторыі як навукі вялікае значэнне мелі творы французскіх і ангельскіх сацыялістаў-утапістаў, нямецкага філосафа Гегеля, які ў канцэпцыю сусветна-гістарычнага працэсу ўнёс ідэі аб яго ўнутранай сувязі. Паводле тэорыі К.Маркса і Ф.Энгельса развіццё грамадства ёсць натуральны гістарычны працэс. Людзі самі ствараюць сваю гісторыю, але ход грамадскага развіцця вызначаецца не іх адвольнымі памкненнямі і жаданнямі, а матэрыяльнымі ўмовамі іх жыцця; у аснову перыядызацыі сусветнай гісторыі яны паклалі вучэнне пра грамадска-эканамічныя фармацыі. Вылучаюць гісторыю ўсеагульную, асобных краін і народаў, гісторыю першабытнага грамадства, старажытную, сярэднявечную, новую і найноўшую. У залежнасці ад таго, які бок ці з'ява грамадскага жыцця вывучаюцца, вылучаюць сацыяльна-эканамічную гісторыю, палітычную, ваенную, гісторыю мастацтва і інш. Арганічнымі яе часткамі з'яўляюцца спецыяльныя гістарычныя навукі, археалогія, этналогія, гістарыяграфія. Асобную групу складаюць дапаможныя гістарычныя дысцыпліны, крыніцазнаўства, археаграфія, дыпламатыка, храналогія, сфрагістыка, генеалогія, геральдыка, нумізматыка і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць