Грамадска-эканамічная фармацыя. Для сістэмнага аналізу сусветна-гістарычнага працэсу важная яго перыядызацыя на аснове пэўных вызначальных фактараў. Такую перыядызацыю гісторыі прапанавала марксісцкая тэорыя. К.Маркс абгрунтаваў паняцце «фармацыя» ў адносінах да капіталістычнай грамадскай арганізацыі, а яго паслядоўнікі, у т.л. У.І.Ленін, пашырылі фармацыйны падыход і на астатнія сацыяльныя арганізацыі: рабаўладальніцкую, феадальную і інш. Паводле гэтай тэорыі, грамадска-эканамічная фармацыя - грамадства на пэўнай ступені развіцця з панаваннем адпаведнага спосабу вытворчасці. Спосаб вытворчасці разглядаецца як дыялектычнае адзінства прадукцыйных сіл (матэрыяльна-тэхнічная база грамадства з адпаведным адукацыйна-прафесійным узроўнем людзей) і вытворчых адносін (эканамічныя адносіны людзей у працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання матэрыяльных і духоўных даброт). На аснове гэтага крытэрыя вылучаюць 5 грамадска-эканамічных фармацый: рабаўладальніцкі лад (гл. Рабства), феадалізм, капіталізм, сацыялізм, камунізм; яны паступова змяняюць адна адну і з'яўляюцца асновай перыядызацыі гісторыі.

Марксісцкая фармацыйная мадэль адлюстроўвае матэрыялістычны погляд на гісторыю. Яна значна паўплывала на развіццё навукі, дазволіла пачаць сістэмнае вывучэнне грамадства, глыбей асэнсаваць грамадскія адносіны і гаспадарчыя сістэмы. Шмат людзей успрымаюць сусветна-гістарычны працэс менавіта па гэтай мадэлі. Аднак яна падвяргаецца крытычнаму аналізу і сучаснае светазнаўства сцвярджае, што суіснуюць розныя фармацыйныя ўтварэнні. У марксісцкай гістарычнай метадалогіі, як лічаць прадстаўнікі гэтай канцэпцыі, дамінуюць матэрыяльныя «базісныя» фактары, а палітычным, духоўным і культурным адведзена роля залежных элементаў, гэта адносіцца і да такіх паняццяў, як клас, грамадства, спосаб вытворчасці, з аднаго боку, і сям'я, абшчына, індывід - з другога. Нарэшце, на іх думку, марксісцкая мадэль фармацый пабудавана на эўрапейскім вопыце і непрымальная да гісторыі Ўсходу з характэрнай для яго ўстойлівасцю сацыяльных сістэм. Таму сёння выпрацоўваецца новая тэорыя грамадскага развіцця, якая павінна зняць супярэчнасць паміж паняццем «цывілізацыя» з яго акцэнтам на духоўны бок і паняццем «спосаб вытворчасці». Гэта новая тэарэтычная канструкцыя ўключае разнастайныя гістарычныя падыходы - фармацыйны, цывілізацыйны і сучасны сусветна-сістэмны.

Паведаміць пра недакладнасьць