Сацыялізм (франц. socialisme ад лац. socalis - грамадскі), вучэнне, якое ў якасці мэты і ідэалу вылучае ажыццяўленне прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці, свабоды і роўнасці, а таксама стварэнне грамадскага ладу, які ўвасабляе гэтыя прынцыпы. Тэрмін «сацыялізм» уведзены ва ўжытак у 2-й палове 19 ст. французскім філосафам П.Леру. Уяўленні ж аб ладзе сацыяльнай справядлівасці ідуць ад старажытных ідэй пра «залаты век». Яны развіваліся ў розных рэлігіях, у многіх разнавіднасцях утапічнага сацыялізму - вучэння пра ідэальнае грамадства, заснаванае на агульнасці маёмасці, абавязковай працы і справядлівым размеркаванні (Т.Мор, Т.Кампанела, Ж.Мелье, А.Сен-Сімон, Ш.Фур'е, Р.Оўэн, М.Г.Чарнышэўскі і інш.). Тэорыя навуковага сацыялізму, распрацаваная К.Марксам і Ф.Энгельсам, разглядала сацыялізм як ніжэйшую фазу (ступень) камунізму, якая прыходзіць на змену капіталізму ў выніку пралетарскай рэвалюцыі і ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту. Сацыял-дэмакратычная плынь абапіралася на ідэі Э.Бернштэйна, Г.Фольмара, А.Мільерана і іншых тэарэтыкаў рабочага руху. Прайшоўшы значную эвалюцыю, адмовіўшыся ад марксізму як адзінай ідэйнай асновы, сацыял-дэмакратыя выпрацавала канцэпцыю, згодна якой сацыялізм можа быць здзейснены ў працэсе працяглага рэфармавання капіталізму, усталявання палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай дэмакратыі і каштоўнасцей свабоды, справядлівасці, салідарнасці і роўнасці. Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 сацыялізм стаў афіцыйнай дактрынай і практыкай дзяржаўнага будаўніцтва ў СССР, а пасля 2-й сусветнай вайны і ў іншых краінах сацыялістычнай сістэмы. Характэрныя рысы такога ладу, які называлі рэальным, сталым, развітым сацыялізмам, былі манаполія дзяржаўнай уласнасці, дырэктыўнае цэнтралізаванае планаванне, кіруючая роля Камуністычнай партыі.

Паведаміць пра недакладнасьць