Феадалізм. Тэрмін «феадалізм» узнік напярэдадні французскай рэвалюцыі канца 18 ст. і азначаў «стары парадак» (абсалютная манархія, панаванне дваранства). У марксізме феадалізм разглядаецца як сацыяльна-эканамічная фармацыя, якая папярэднічала капіталізму. У сучаснай гістарычнай навуцы феадалізм аналізуецца як сацыяльная сістэма, заснаваная ў заходняй і цэнтральнай Эўропе ў эпоху сярэднявечча, хоць асобныя яго рысы можна заўважыць і ў іншых рэгіёнах свету, і ў розныя эпохі. У аснове феадалізму ляжаць міжасобасныя адносіны васала і сеньёра, падданага і сюзерэна, селяніна і буйнога землеўласніка. Феадалізму ўласцівы саслоўна-юрыдычная няроўнасць, замацаваная правам, і рыцарская ваенная арганізацыя. Ідэалагічнай і маральнай асновай феадалізму стала хрысціянства, якое вызначала характар сярэднявечнай культуры. Фармаванне феадалізму адбывалася ў 5-9 ст. пасля заваявання Рымскай імперыі варварамі. У перыяд яго росквіту (12-13 ст.) эканамічна і палітычна ўмацаваліся гарады і гарадское насельніцтва, аформіліся саслоўна-прадстаўнічыя сходы (ангельскі парламент, Французскія Генеральныя штаты і г.д.); саслоўная манархія вымушана была лічыцца з інтарэсамі не толькі знаці, але і іншых саслоўяў. Процістаянне папства і свецкай манархіі стварала прастору для сцвярджэння асабістай свабоды індывіда, якая паступова падточвала саслоўна-іерархічны лад феадалізму. Развіццё гарадской эканомікі падарвала натуральна-гаспадарчыя асновы панавання арыстакратыі, а рост вальнадумства прывёў да перарастання ерасей у Рэфармацыю 16 ст. Пратэстантызм з яго новай этыкай і сістэмай каштоўнасцей спрыяў развіццю прадпрымальніцкай дзейнасці капіталістычнага тыпу. Рэвалюцыі 16-18 ст. азнаменавалі ў асноўным завяршэнне феадалізму. Афармленне феадальнай сістэмы ў Беларусі прыпадае на сярэдзіну 13-1-ю палову 17 ст. Разлажэнне феадалізму і зараджэнне капіталізму тут пачалося ў 2-й палове 18 ст.

Паведаміць пра недакладнасьць