Ідэалізм. Імкнучыся асэнсаваць светабудову як нешта адзінае, філосафы сутыкнуліся з пытаннем, у якіх жа адносінах знаходзіцца мысленне да быцця, дух да прыроды. Адны прызнавалі першаснасць духу (ідэалісты), другія - першаснасць матэрыі (матэрыялісты). Калі філосафы-матэрыялісты імкнуліся да прыродазнаўча-навуковых ведаў, да натуралістычнага тлумачэння рэчаіснасці, то ідэалісты ў большасці былі блізкія да рэлігійнага светаразумення. Ідэалізм - гэта процілеглы матэрыялізму філасофскі кірунак, які ідзе ад першаснасці духоўнага, нематэрыяльнага і другаснасці матэрыяльнага. Філасофскі ідэалізм вядзе да атаясамлівання рэчаіснасці з унутраным светам чалавека, а рэальных рэчаў - з яго пачуццямі, уяўленнямі, ідэямі. На розных этапах гісторыі ідэалізм па-свойму выяўляў эвалюцыю грамадскай свядомасці, асэнсоўваў дасягненні сацыяльнай практыкі і навуковага прагрэсу. Яшчэ ў Старажытнай Грэцыі ўзнік аб'ектыўны і суб'ектыўны ідэалізм.

Першы за аснову існага прымае безасабовы ўніверсальны дух, надіндывідуальную свядомасць, другі адмаўляе якую-небудзь рэальнасць за межамі свядомасці індывіда. Класічнай формай аб'ектыўнага ідэалізму была філасофія Платона, Аўгусціна, Фамы Аквінскага і інш. Суб'ектыўна-ідэалістычная тэндэнцыя пераважала ў філасофскіх сістэмах Дж.Берклі, Д.Юма, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінга і асабліва Г.Гегеля, які стварыў усеабдымную сістэму дыялектычнага ідэалізму. Акрамя гэтага галоўнага раздзялення ідэалізму існуе мноства спецыфічных тыпаў і варыянтаў ідэалістычнай філасофіі, якія адрозніваюцца трактоўкай духоўнага першапачатку (розум, адчуванні, воля), адзінства (манізм) ці множнасці (плюралізм), магчымасцю пазнання (рацыяналізм ці ірацыяналізм), метадам мыслення (метафізічны або дыялектычны) і г.д. Нягледзячы на тое, што навукова-тэхнічны прагрэс і развіццё грамадскай практыкі ўсё больш пераканаўча сведчылі на карысць правільнасці матэрыялістычнага тлумачэння рэчаіснасці, ідэалістычная філасофія на працягу многіх стагоддзяў захоўвала свой аўтарытэт і ўплывала на развіццё чалавецтва. У сярэдзіне 20 ст. значнае пашырэнне набылі такія формы ідэалізму, як экзістэнцыялізм, неапазітывізм, неатамізм і інш. Сярод шматлікіх формаў сучаснага ідэалізму найбольш уплывовымі з'яўляюцца фенаменалогія, персаналізм, «філасофія жыцця», філасофская антрапалогія, крытычны рацыяналізм і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць