Іміграцыя (ад лац. immigrare - усяляцца), уезд іншаземцаў у якую-небудзь краіну на пастаяннае або працяглае жыхарства. У залежнасці ад прычын іміграцыю падзяляюць на палітычную і эканамічную, або працоўную. Іміграцыя характэрная для многіх гістарычных эпох, адыгрывала важную ролю ў фармаванні насельніцтва некаторых краін і нават засяленні асобных частак свету. На фармаванне насельніцтва Эўразіі паўплывалі міграцыі апошніх 2 тысячагоддзяў, такія, як Вялікае перасяленне народаў у Эўропе (4-7 ст.), міграцыі, звязаныя з арабскімі заваяваннямі (7-8 ст.), з экспансіяй цюрка-манголаў (11-17 ст.). Эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыццяў (15-17 ст.) паклала пачатак шырокаму развіццю міжкантынентальных міграцый галоўным чынам з Эўропы ў Амерыку, Аўстралію і інш. Не аслаблі тэмпы іміграцыі, выкліканыя перамяшчэннямі насельніцтва ў сувязі з дзвюма сусветнымі войнамі, перасяленнем жыдоў у Ізраіль, распадам СССР. Працягваецца іміграцыя рабочай сілы ў развітыя краіны Заходняй Эўропы. Яна прыводзіць да змешвання розных этнічных груп насельніцтва, у выніку чаго складваюцца новыя нацыі і народнасці. Пытанні іміграцыі рэгулююцца нормамі міжнароднага права і нацыянальнымі заканадаўствамі. Гл. таксама арт. Эміграцыя, Бежанцы, Грамадзянства.

Паведаміць пра недакладнасьць