Карупцыя (ад лац. corruptio - подкуп), абагульненая назва злачынстваў, якія вынікаюць з прамога выкарыстання службовымі асобамі, палітычнымі і грамадскімі дзеячамі правоў, звязаных з іх пасадамі, з мэтай асабістага ўзбагачэння і на шкоду дзяржаве і грамадству. Выяўляецца ў хабарніцтве, подкупе і іншых карыслівых учынках, якія практыкуюцца для атрымання пэўных пераваг і прывілей. Вылучаюць палітычную карупцыю, калі пэўныя асобы прызначаюцца на адказныя і ўплывовыя пасады не за іх асабістыя якасці, а за мінулыя паслугі або ў разліку на будучыя. Прыкладамі эканамічнай карупцыі могуць служыць размяшчэнне выгадных дзяржаўных заказаў, выдача на льготных умовах крэдытаў камерцыйным структурам і інш. Для карупцыі характэрнае зрошчванне прадстаўнікоў арганізаванай злачыннасці (мафіі) з дзяржаўным і гаспадарчым апаратам, праваахоўнымі органамі, палітычнымі і грамадскімі арганізацыямі. У выніку розных прычын (бюракратызм, нястача, нізкі ўзровень духоўнай культуры, спажывецкая ідэалогія, утрыманства) карупцыя набыла шырокі размах у маладых краінах і фактычна ператварылася ў своеасаблівую форму пераразліку нацыянальнага даходу. Рост легальнага і падпольнага бізнесу стымулюе разрастанне маштабаў подкупу бюракратыі, стварае рэжым беспакаранасці за эканамічныя злачынствы і фінансавыя махінацыі. Гэтыя тэндэнцыі ставяць пад пагрозу працэс дэмакратызацыі беларускага грамадства.