Масавая культура. Гэтым тэрмінам найчасцей абазначаюць разнастайныя і разнародныя з'явы ў культуры 20 ст., якія набылі пашырэнне ў сувязі з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй і пастаянным абнаўленнем сродкаў масавай інфармацыі. Вытворчасць, распаўсюджванне і спажыванне прадуктаў масавай культуры носіць індустрыяльна-камерцыйны характар. Даволі шырокім з'яўляецца сэнсавы дыяпазон масавай культуры - ад прымітыўнага кіча (ранні комікс, меладрама, эстрадны шлягер, «мыльная опера») да складаных, змястоўна насычаных формаў (некаторыя віды рок-музыкі, «інтэлектуальны» дэтэктыў, поп-арт). Для эстэтыкі масавай культуры характэрна балансаванне паміж трывіяльным і арыгінальным, агрэсіўным і сентыментальным, вульгарным і вытанчаным. Маскультура адпавядае патрэбам масавай аўдыторыі ў адпачынку, эмацыянальнай кампенсацыі і разрадцы, забавах і гульнях. Тэорыя масавай культуры развівалася як частка канцэпцыі «масавага грамадства». У заходняй філасофіі і сацыялогіі разнастайна прадстаўлены як традыцыі крытычнага аналізу масавай культуры і проціпастаўлення яе элітарнай (О.Шпенглер, Х.Артэга-і-Гасет, Г.Адорна, Г.Маркузе), так і нейтральныя і нават пазітыўныя адносіны (Д.Бел, М.Мак-Люэн, Л.Уайт, А.Тофлер), якія бачаць у ёй сродак павышэння культурнага ўзроўню шырокіх мас і ў цэлым здавальняючую форму дэмакратызацыі сучаснага грамадства.

Паведаміць пра недакладнасьць