Міфалогія (ад грэч. myths - паданне + logos - слова, вучэнне). Сучасная цывілізацыя захоўвае шмат таямнічага. Асаблівае месца займаюць вобразы-сімвалы, створаныя фантазіяй старажытнага чалавецтва. Многія з іх знайшлі адлюстраванне ў мастацтве, сталі неад'емнай часткай духоўнай культуры. Паэтычныя метафары ўключаюць вобразы Венеры і Марса, Арфея і Эўрыдыкі, Апалона, Музы, Геракла. За імі цэлыя апавяданні пра жыццё і смерць, любоў і прыгажосць, мужнасць і сілу. Мова чалавека насычана водгаласам даўніны. Розум чалавека той эпохі ствараў вобраз свету, спалучаючы рэальнае і фантастычнае. Такая свядомасць атрымала назву міфалагічнай. Фантастычнае адлюстраванне ў свядомасці старажытных людзей, увасобленае ў народнай творчасці, а таксама ў навуцы, якая вывучае міфы, іх паходжанне і адлюстраванне ў іх рэчаіснасці, называецца міфалогіяй. Міфалогія была першай формай грамадскай свядомасці. Старажытны чалавек не мог вылучыць сябе як асобу. Міфы былі амаль адзіным спосабам тлумачэння рэчаіснасці. Яны развіваліся, ускладняліся і сталі зачаткамі філасофскага і навуковага мыслення. Праз казку, гераічны эпас, што ўзніклі ў нетрах міфалогіі, вобразы, сюжэты, прыёмы міфалагічнага мыслення пераходзяць у літаратуру. Сляды цеснай сувязі з міфалагічнай спадчынай выразна захоўваюць і першыя крокі развіцця навукі, напрыклад, натурфіласофія старажытных грэкаў (Фалес, Геракліт, Эмпедокл), гісторыя (Герадот), медыцына (Гіпакрат). Міфалогія служыла крыніцай фармавання розных рэлігійных вучэнняў і ўвайшла істотнай часткай у склад пазнейшых рэлігійных вераванняў. Распад міфалагічнага светапогляду, вылучэнне з яго такіх формаў грамадскай свядомасці, як філасофія, мастацтва, мараль, рэлігія не сцерлі з культурнай памяці чалавецтва яе важнейшыя вобразы-элементы.