Літаратура (лац. litteratura літар. - напісанае), творы пісьменства, сукупнасць пісьмовых і друкаваных тэкстаў, адзін з асноўных відаў мастацтва. Паводле зместу адрозніваюць мастацкую, інфармацыйную, навуковую літаратуру; паводле паходжання - арыгінальную, перакладную; паводле прызначэння - навучальную, тэхнічную, палітычную і г.д. З 18 ст. тэрмін «літаратура» замацоўваецца за прыгожым пісьменствам - відам мастацтва, дзе вобразнасць ствараецца з дапамогай слова. Мастацкая літаратура ўключае вусна-паэтычную творчасць (фальклор) і пісьмовую літаратуру. Літаратуру дзеляць на 3 роды - эпас, лірыку і драму. Сярод мастацтваў літаратура вылучаецца ўніверсальнасцю, змястоўнасцю, глыбінёй пранікнення ў жыццё. Яна ўзаемадзейнічае з філасофіяй, мараллю, палітыкай і іншымі формамі грамадскай свядомасці, актыўна ўплывае на іншыя віды мастацтва, дае аснову для тэатра, оперы, балета, кінамастацтва, тэлебачання, радыё, узбагачае графіку, жывапіс, музыку і інш. Даследаваннем літаратуры займаецца літаратуразнаўства.

Узнікненне літаратуры ў Беларусі выклікана культурна-гістарычнымі патрэбамі і звязана са з'яўленнем у 10 ст. ва ўсходніх славян пісьменства. У сярэднявеччы ўжо бытавалі ўсе асноўныя віды і жанры старажытнай літаратуры. Буйнейшымі цэнтрамі пісьменства былі Полацак і Смаленск, дзе складзены жыціі Ефрасінні Полацкай і Аўрамія Смаленскага. У Тураве ў 12 ст. тварыў Кірыла Тураўскі.

У 14-16 ст., калі беларуская мова набыла ў Вялікім Княстве Літоўскім статус дзяржаўнай, на ёй актыўна развівалася дзелавое пісьменства, вялося агульнадзяржаўнае летапісанне, ствараліся мастацкія творы і перакладаліся творы зарубежнай літаратуры. У 16-17 ст., дзякуючы развіццю беларускага друкарства (Ф.Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі і інш.), літаратура дасягнула значнага ўзроўню. Пазней пісьменства на старажытнай беларускай мове затухае і адраджаецца толькі ў 19 ст. на аснове нацыянальнага фальклору і дзейнасці выдатных пісьменнікаў-адраджэнцаў (Ян Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч). На пачатку 20 ст. беларуская літаратура праходзіць працэс паскоранага развіцця, узбагачаецца класічнымі творамі ўсіх паэтычных, празаічных, драматычных жанраў і выходзіць на міжнародную арэну (творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш.). Для многіх твораў беларускай літаратуры ўласцівыя жыццесцвярджальны пафас, гуманізм, патрыятызм, імкненне да праўдзівага мастацкага адлюстравання рэчаіснасці.

Паведаміць пра недакладнасьць