Нацыяналізм (фр. nationalisme), палітыка і практыка, ідэалогія і псіхалогія ў нацыянальным пытанні, заснаваныя на прызнанні нацый і іх узаемаадносін асабліва важным фактарам грамадскага развіцця, прыярытэтнага і прывілеяванага месца, ролі і інтарэсаў пэўнага народа ў сацыяльна-палітычным, эканамічным і культурным жыцці ўсяго чалавецтва. Гістарычна нацыяналізм як асобая ідэйна-палітычная плынь пачала складвацца ў канцы 18 ст. ў сувязі з бурным развіццём нацыянальных рухаў, станаўленнем нацый і ростам нацыянальнай самасвядомасці, разгортваннем нацыянальна-вызваленчага руху ў калоніях і паўкалоніях. У гэтым плане, асабліва ў барацьбе супраць каланіялізму, нацыяналізм адыграў станоўчую ролю ў станаўленні нацый, іх кансалідацыі, вызваленні прыгнечаных народаў, іх самавызначэнні, захаванні і развіцці іх самабытнасці і г.д. Але існуюць і крайнія формы выяўлення нацыянальных інтарэсаў, якія могуць перарасці ў сваю процілегласць - у пачуццё нацыянальнай выключнасці, перавагі над іншымі нацыямі (гл. Шавінізм). У сучасным свеце нацыяналізм - адна з уплывовых і распаўсюджаных ідэйна-палітычных плыней, якія праяўляюцца як у глабальным, так і ў рэгіянальным і дзяржаўных маштабах.

Паведаміць пра недакладнасьць